Дырэктар ЦРУ размаўляў з польскім міністрам пра вайну і сітуацыю ў Беларусі
Беларусь за плотам / pap.pl
Дырэктар ЦРУ Уільям Бёрнс размаўляў з польскім міністрам унутраных спраў Марыюшам Каміньскім пра вайну ва Украіне і сітуацыю ў Беларусі. Тэлефонная размова адбылася 19 верасня, пра яе напісаў у Twitter Каміньскі: "Мы абмеркавалі пытанне расійскай агрэсіі ва Украіне, сітуацыю ў Беларусі і магчымыя сцэнары на будучыню. Гэта чарговая размова за апошні час з шэфам ЦРУ".
Якія менавіта "магчымыя сцэнары" абмяркоўваліся, невядома. Варшава заклапочаная сітуацыяй на мяжы з Беларуссю, дзе працягваюцца правакацыі з удзелам мігрантаў, прысутнасцю ў РБ вагнераўцаў і расійскай тактычнай ядзернай зброі. Гаворка магла ісці і пра рэпрэсіі ў Беларусі.