Cправу беларуса, які пагадзіўся на супрацу з КДБ, разгледзіць суд у Польшчы

Байцы ABW
У Акруговы суд Беластока з пракуратуры накіравалі крымінальную справу супраць грамадзяніна Беларусі Арцёма К. Яго вінавацяць у згодзе на супрацу з замежнай разведкай.
У пракуратуры адзначылі, што абвінаваўчае заключэнне было накіравана ў суд 2 чэрвеня. Расследаванне пачалі на падставе матэрыялаў, сабраных Агенцтвам унутранай бяспекі (ABW) у снежні мінулага года.
Паводле версіі ABW, у перыяд з 8 па 12 снежня 2024 года Арцём К. у Варшаве пагадзіўся дзейнічаць у інтарэсах КДБ Беларусі. Прычым дзейнічаць беларус планаваў не толькі ў Польшчы, але і ў іншых краінах Еўрасаюза. Шпіёніць ён меўся ў тым ліку і сярод беларускай эміграцыі.
"Ён заявіў пра гатоўнасць падаць звесткі пра месцазнаходжанне аб'ектаў крытычнай інфраструктуры на тэрыторыі Рэспублікі Польшча, а таксама інфармацыю аб грамадзянах Рэспублікі Беларусь, якія пражываюць у Польшчы", — гаворыцца ў паведамленні.
Супрацоўнікі ABW затрымалі Арцёма К. 19 снежня 2024 года. Тады ж яму выставілі абвінавачанне. Беларус не прызнаў сябе вінаватым і даў паказанні. На момант перадачы справы ў суд ён знаходзіўся пад вартай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.