Ціханоўскі расказаў, што вымушаны піць 19 таблетак кожны дзень

Сяргей Ціханоўскі паказвае свой фатаздымак да зняволення

Сяргей Ціханоўскі паказвае свой фатаздымак да зняволення / прэс-служба Ціханоўскай

Пасля выхаду на волю экс-палітвязень Сяргей Ціханоўскі важыў 79 кг. Па першым часе вага знізілася да 76 кг, а потым пачала павялічвацца. Ціханоўскі праходзіць абследаванне ў дактароў і лекуецца — кажа, што павінен піць 19 таблетак штодня.

"Па аналізах крыві ў цэлым усё нармальна, ёсць па некаторых напрамках праблемы. Але што [асабліва] жахнула чамусьці лекараў — што вітамін D проста наогул адсутнічае", расказаў былы палітвязень у інтэрв'ю Мікіту Мелказёраву ў праграме "Жыццё-маліна".

Ціханоўскі кажа, што мае праблемы з зубамі — засталося толькі "некалькі сваіх". Паводле стаматолага, некаторыя зубы давядзецца вырываць, бо "нічога жывога няма", будуць ставіць пратэзы.

У зняволенні, паведаміў Ціханоўскі, у яго аднойчы на Новы год вываліліся зубы — адваліўся пярэдні мост. Пры гэтым палітвязень быў абавязаны рэгулярна называць сілавікам на праверцы свае імя і прозвішча. "Я хадзіў, у хустачцы трымаў гэтыя зубы. Два тыдні мяне не пускалі тады да стаматолага — у Новы год і яшчэ дзён 10 пасля Новага года. А ты павінен рабіць даклады пастаянна гэтыя, крычалкі гэтыя даваць, калі прыходзяць праверкі, ператрусы, усё астатняе. І калі ў цябе такое вымаўленне — гэта страшнае такое прыніжэнне", — згадаў палітвязень. Праўда, да стаматолага ён у выніку трапіў.

Нядаўна за кратамі ў Ціханоўскага выпала пломба і раскалоліся два зубы. Ён мяркуе, што прычынай стала харчаванне. Тады ён даведаўся, што з Жодзінскай турмы звольніўся стаматолаг і, як яму сказалі, гэтага доктара "ўжо ніколі не будзе".

Таксама Ціханоўскі расказаў, што яшчэ ў зняволенні ў яго з'явіліся чырвоныя плямы на скуры. Медыкі ў турме казалі пра алергію, давалі таблеткі. Аднойчы ад лекаў цела цалкам пачырванела і свярбела. Пасля гэтага палітвязню сталі рабіць ўколы, але не гаварылі, якія лекі колюць.

Палітвязень расказаў, што ў яго пастаянна ішла кроў з рота і носа праз запаленняў слізістай. У КДБ палічылі, што ў яго "нейкая нездаровая сітуацыя са здароўем". На абследаванне яго, аднак, не адправілі, а толькі ўзмоцнена кармілі перад вызваленнем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.