Ціханоўская радая, што "завязваюцца даверлівыя адносіны" з адміністрацыяй Трампа

Падчас сустрэчы ў Вільні / t.me/tsikhanouskaya/
Кіраўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская ў Вільні сустрэлася з намеснікам памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Усходняй Еўропы Крыстаферам Смітам. "Спадар Сміт учора быў са "спецыяльнай аперацыяй" у Мінску — вызваліць нашых палітвязняў — Алену Маўшук і Андрэя Кузнечыка, а таксама грамадзяніна ЗША, — піша яна. — Я падзякавала спадару Сміту за яго намаганні, за ўзаемадзеянне і каардынацыю з Офісам, і перадала асабістую ўдзячнасць прэзідэнту Трампу і дзяржсакратару Рубіа: менавіта дзякуючы іх палітычнай волі гэта стала магчымым. Я радая, што ў нас завязваюцца даверлівыя адносіны з новай амерыканскай адміністрацыяй, і ўчора мы пабачылі канкрэтныя вынікі гэтага супрацоўніцтва".
Крыстафер Сміт запэўніў, што ўчорашнія вызваленні былі зробленыя рэжымам Аляксандра Лукашэнкі аднабакова, без нейкіх саступак з амерыканскага боку.
Ціханоўская абмеркавала са Смітам "наступныя крокі па вызваленні іншых палітвязняў". "Так, нашая мэта, каб усе выйшлі на свабоду, каб былі спыненыя рэпрэсіі, — піша кіраўніца АПК. — Гэта неабходная ўмова, каб мог пачацца нацыянальны дыялог. І я бачу, што з амерыканскага боку ёсць жаданне і гатоўнасць нам у гэтым спрыяць".
Святлана Ціханоўская гаварыла на сустрэчы і пра тое, што "нельга дапусціць, каб Беларусь стала "суцяшальным прызам" для Расіі".


Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.