Ціханоўская і Паліна Шарэнда-Панасюк выступілі ў Еўрапарламенце

Святлана Ціханоўская ў Еўрапарламенце

Святлана Ціханоўская ў Еўрапарламенце / прэс-служба Ціханоўскай

11 сакавіка Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай на спецыяльнай пленарнай сесіі Еўрапарламента ў Страсбургу. Сесія была прысвечаная Міжнароднаму дню жанчын. Таксама на гэтым мерапрыемстве ад беларусаў выступіла былая палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк.

У сваёй прамове Ціханоўская акцэнтавала ўвагу на ролі жанчын у змаганні за дэмакратыю і свабоду. Яна падкрэсліла гераізм жанчын, якія супрацьстаяць рэпрэсіям і вайне: "Сёння многія беларускія жанчыны атрымліваюць не кветкі, а турэмныя тэрміны. Яны не шпацыруюць на парадах, а ідуць у залы суда. Яны не могуць цешыцца раскошай міру і дэмакратыі — за іх даводзіцца змагацца. І мы змагаемся".

Ціханоўская адзначыла, што беларусы сёння змагаюцца за тое, каб не апынуцца ў цені рэваншысцкай Расійскай імперыі. Таксама змаганне беларусаў ідзе за вызваленне палітвязняў, за аднаўленне справядлівасці і за еўрапейскія каштоўнасці — свабоду, бяспеку і дабрабыт.

Яна падкрэсліла, што ад вынікаў вайны ва Украіне залежыць лёс Беларусі, таму беларусы сёння замгаюцца і за Украіну: "Без вольнай Украіны не будзе вольнай Беларусі. І без вольнай Беларусі не будзе трывалага міру ў Еўропе".

Гаворачы пра магчымыя перамовы па Украіне, Ціханоўская заклікала не паддавацца ілюзіям: "Пуцін і Лукашэнка не хочуць міру — яны хочуць падпарадкавання. Трывалы мір павінен грунтавацца на павазе, аднак Пуцін гэтага не прадэманстраваў".

Паліна Шарэнда-Панасюк у сваім выступе заклікала да поўнай эканамічнай блакады рэжыму Лукашэнкі і ўвядзення гандлёвага эмбарга. "Гэта рэальныя дзеянні, якія прымусяць рэжым выпусціць палітвязняў. І гэта будзе першы крок дзеля вызвалення ўсяго народу Беларусі", — падкрэсліла яна.

Ціханоўская і Паліна Шарэнда-Панасюк выступілі ў Еўрапарламенце
Паліна Шарэнда-Панасюк / прэс-служба Ціханоўскай

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.