“Якія гэта могуць быць умовы, улічваючы, што Карабах ужо пагадзіўся скласці зброю і расфармаваць войска? Хутчэй за ўсё, адно з галоўных патрабаванняў — расфармаваць усе інстытуты самаабвешчанай улады, каб узначаліць Карабах мог прызначэнец Аліева", — піша выданне.
А ў Ерэване тым часам рыхтуюцца арганізаваць вываз армян Нагорнага Карабаха. Не выключана, што ў Карабаху застануцца толькі пажылыя армяне, якія не захочуць пакідаць родныя дамы.
Пуціну спадабалася
Польшча, якая з пачатку поўнамаштабнай вайны была вернай паплечніцай Украіны, раптам адмовілася пастаўляць у краіну ўзбраенне. Маўляў, прыйшоў час узбройвацца і самой Польшчы. А прэзідэнт Анджэй Дуда параўнаў Украіну з чалавекам, які тоне і, спрабуючы выратавацца, можа зацягнуць за сабой і сваіх ратавальнікаў.
Канфлікт, які выліўся ў такія заявы, пачаўся са збожжа. Пасля выхаду Расіі з збожжавай здзелкі Украіна страціла магчымасць экспартаваць збожжа марскім шляхам. Адкрытымі для яе застаюцца толькі сухапутныя калідоры. І адзін з іх — якраз праз Польшчу.
Але польскія фермеры незадаволеныя тым, што ў краіну едзе шмат таннага ўкраінскага збожжа. І ўрад вырашыў стаць на абарону фермераў. Не тое каб зусім бескарысліва: у Польшчы набліжаюцца выбары, і кіроўнай кансерватыўнай партыі вельмі патрэбныя галасы кансерватыўна настроеных фермераў.
"Пытанне не ў збожжы і не ў зброі. Гаворка ідзе пра настроі сярод кансерватыўнага электарату, і ПіС (партыя "Права і справядлівасць") даводзіцца абапірацца на гэтыя настроі. Яны будуюцца на ідэі, што Украіна недастаткова ўдзячная і што ўкраінцы тут атрымліваюць занадта шмат", — тлумачыць для ВВС Пётр Лукасевіч з аналітычнай групы Polityka Insight.
Калі год таму палітыкі маглі заваяваць сабе балы цвёрдымі абяцаннямі падтрымаць Украіну, то цяпер разыгрываюць новую карту — "стомленасці ад вайны". Прычым не толькі ў Польшчы. Гэтая тэма ўжо ўсплывае ў перадвыбарных кампаніях ад ЗША да Славакіі, заўважае Сара Рэйзерфорд.
Праблема ў тым, што нашмат больш, чым фермерам, разлад паміж Польшчай і Украінай падабаецца Уладзіміру Пуціну.
Руперт Мёрдак сыходзіць з пасады
І вам тут жа захацелася спытаць: ой, а колькі ж яму гадоў ужо? Мёрдаку 92 гады, і за 70 гадоў кар'еры ён пабудаваў адну з самых уплывовых медыяімперый у свеце, піша ВВС.
Гісторыя Мёрдака пачалася ў 1950-х гадах, калі ён атрымаў у спадчыну долю мясцовых газет у аўстралійскім горадзе Адэлаіда. Мёрдак змог ператварыць гэты не самы ўражлівы капітал у імперыю. Сярод газет, якімі ён валодае, — Wall Street Journal і The Sun.