“Чаму вы, халера вас бяры, не можаце дамовіцца пра агульнага кандыдата?!”

Цалкам размову з Андрэем Мамыкіным можна паслухаць:

…пра палітвязняў

Можна было б проста выпусціць гэтых людзей. Да ўсяго, сацыялогія паказвае, што пытанне палітвязняў для беларускага грамадства не стаіць ні на 1, ні на 21 месцы. І калі гэтыя трое-двое выйдуць на волю, то рэжым Лукашэнкі не рухне, а Майдан не пачнецца. І акцыі пратэсту “Каго ж ты выпусціў!” не пачнуцца. Грамадству ўсё адно — яно занятае іншымі праблемамі. Па сітуацыі тыднёвай даўніны двое з трох зняволеных — звычайныя хуліганы. Калі фармальна глядзець іх крымінальныя артыкулы. Іх пасадзілі не за тое, што яны былі канкурэнтамі Лукашэнкі ці бралі ўдзел у палітычнай кампаніі, а за тое, што яны выбівалі вокны і дзверы КДБ і МУС. З іншага боку, зразумела, што ў іх усё адно ёсць палітычны бэкграўнд. Але і называць іх Мандэлам часоў апартэіду ў ЮАР нельга. Яны не палітычныя зняволеныя ў гэтым разуменні. Хоць палітычны “хвост” у іх усё ж ёсць.

…і апазіцыю

Мяне яна ўразіла сваёй раз’яднанасцю. Тамашэўскі з Літвы спытаўся: “А вы можаце адзінага кандыдата на выбарах вылучыць?” А яны пачалі нешта няўцямна казаць: “Не, у нас тут рознагалоссі, у нас кандыдат ад трох дэмакратычных партый...” Я не разумею: калі ў вас адна мэта — зрабіць краіну больш дэмакратычнай, больш адкрытай і свабоднай, то чаму вы, халера вас бяры, не можаце дамовіцца пра агульнага кандыдата?! Карацей, калі нехта думае, што мы крытычна слухалі Купчыну, але па-лізаблюдску глядзелі на апазіцыю, то такога не было.

…пра тое, чым еўрадэпутаты могуць дапамагчы сваякам палітвязняў

Нічым, ваша праўда. Бо дэпутат Еўрапарламента не мае права ні наўпрост, ні ўскосна ўмешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі. Але калі ў нас пра нешта запытваюць ці просяць даць параду — мы гэтую параду даем. Асабіста мне вельмі цяжка было ад гэтай сустрэчы: мне гадзіну ў камізэльку лілі слёзы і я бачыў перад сабой трох няшчасных жанчын. Цяжка на сэрцы было ад таго, што іх мужы ці сыны сядзяць у турме, дзе зусім не курорт. Калі жанчына плача: “Ці ўбачу я калі свайго сына?”, то я не ведаю, што ёй адказаць. Што ні адкажы — любы адказ няправільны. Дэпутат я ці не дэпутат, з Еўропы я прыехаў ці з Азіі. Цяжка гэта…

…пра Лукашэнку

Наўпрост мы пра сустрэчу з ім не прасілі і на афіцыйных сустрэчах пра гэта не казалі, але такая зацікаўленасць у нашай дэлегацыі ёсць. Падабаецца гэта каму ці не, але гэта чалавек, які з’яўляецца гарантам сітуацыі ў краіне. Нават тыя, хто меў нейкія прэтэнзіі да прэзідэнта Беларусі, а я да іх не належу, высока ацанілі ролю Лукашэнкі падчас украінскага крызісу. Я проста бачу, як пачалі працаваць беларускія дыпламаты ў тым жа Бруселі, і што Беларусь павярнулася тварам да Еўропы.

…пра сустрэчу ў МЗС

За 40 хвілін пра ўсё не пагаворыш. Да прыкладу, я хацеў запытацца пра ўнёсак Беларусі ў барацьбу з ісламскай дзяржавай, які зараз можа быць вельмі заўважным, але не паспеў. Мы гаварылі пра неабходнасць выводзіць адносіны на прынцыпова новы ўзровень, што неабходна супрацоўнічаць эканамічна там, дзе ў нас няма супярэчнасцяў — якасць харчавання, экалогія, сумесная ахова мяжы, барацьба з наркатрафікам… Да пытання палітычных зняволеных нават не дайшлі. Але спыталіся ў Купчыной пра свабоду СМІ

…і з дэпутатамі парламенту

З дэпутатамі мы сустракаліся неафіцыйна. Парламенцкія выбары Еўрапарламент лічыць недэмакратычнымі, і мы не маглі сустракацца афіцыйна. Я прапанаваў сустрэцца і проста гарбаты з імі папіць. Сустрэліся, бо пазіцыя Еўрапарламента наконт сустрэч афіцыйных ранейшая — не сустракацца. Што мне не імпануе. Бо калі размаўляць, то трэба сустракацца і размаўляць, а не станавіцца ў позу і не гаварыць, як мы вас не паважаем.

…пра вынікі візіту

Сакратарыят дэлегацыі перадасць свае мэсіджы ў Еўракамісію, мы адзначым пазітыўны настрой прадстаўнікоў беларускіх уладаў адносна ЕС і Еўрапарламента ў прыватнасці. І на наступным пасяджэнні дэлегацыі Еўрапарламента па супрацоўніцтве з Беларуссю адзначым тыя вектары, па якіх у нас няма супярэчнасцяў — мяжа, наркотыкі, нелегальныя акцызныя тавары, экалогія. Тыя, дзе можам супрацоўнічаць хоць з заўтрашняга дня на 200%. Абмінаючы вострыя кропкі: пытанні палітзняволеных, недэмакратычных выбараў.

Фота: kompravda.eufocus.lv