Чаму ўдзел Лукашэнкі ў мірных перамовах — гэта добра. Меркаванне экс-дыпламата

Чаму ўдзел Лукашэнкі ў мірных перамовах — гэта добра / kommersant.ru
Удзел Лукашэнкі ў мірных перамовах па Украіне адкрые магчымасці для нармалізацыі адносін Беларусі і краін Захаду — такую думку ў эфіры Радыё Свабода выказаў былы дыпламат, навуковы супрацоўнік Цэнтра новых ідэй Павел Мацукевіч.
— Дзеля гэтай нармалізацыі ўжо варта, каб ён на такой канферэнцыі пабываў. І з эканамічных прычын, і з чалавечых, таму што гэта, хутчэй за ўсё, разблакуе ў выніку і межы, і магчымасці кантактаў, і магчымасці абменаў, навучанняў, камандзіровак і гэтак далей.
Будуць улічаныя і яго асабістыя інтарэсы, звязаныя з прызнаннем. Ён жа ў дадзены момант гуляе на баку пераможцы, калі казаць тут і цяпер аб гэтай вайне.
Пытанне легітымнасці. Або пытання няма?
Мацукевіч таксама лічыць, што, калі Лукашэнка будзе ўдзельнічаць у перамоўным працэсе і яго подпіс будзе стаяць пад дакументамі, то без усялякіх сумневаў гэта будзе прызнаннем яго легітымнасці. Але таксама думае, што гэта не з'яўляецца такой вялікай праблемай, як можа здацца шмат каму.
— Я думаю, што цяпер за гэта [адсутнасць фармальнага прызнання] няма сэнсу трымацца. Калі ставіць у аснову інтарэсы Беларусі: неабходнасць нармалізацыі адносін і разблакаванне мяжы, пытанні бяспекі, то гэтым можна ахвяраваць.
Мы з ім і так нічога не можам зрабіць, як бы хто яго не называў. Тым не менш ён застаецца кіраўніком дзяржавы дэ-факта. Чалавекам, указы якога ў гэтай краіне выконваюцца ўжо 5 гадоў. І ёсць падставы думаць, што яшчэ 5 гадоў будуць выконвацца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.