Чаму нельга проста ўзяць і пазваніць маці Мельнікавай. Меркаванне Гарэцкага

Смартфон / euroradio.fm
Еўрарадыё выкарыстала легенду, каб пагаварыць з роднымі зніклай Анжалікі Мельнікавай. Пасля гэтага ў Фэйсбуку пачалося абмеркаванне этычнасці такога кроку. Агучыць сваё меркаванне на тэму вырашыў журналіст, намкіраўніка БАЖ Барыс Гарэцкі. Публікуем яго тэкст і адказ — тлумачэнне рэдакцыі.

***
Хутка два тыдні, як стала вядома пра знікненне спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай. Недзяржаўныя медыя і сацыяльныя сеткі актывістаў поўняцца здагадкамі, журналісты збіраюць інфармацыю па крупінках.
Інфармацыю чамусьці даюць толькі палітыкі. Ім нібыта час ад часу нешта кажа паліцыя, пры гэтым сама публічна не выступаючы па справе. Гісторыя максімальна заблытаная, улічваючы наяўнасць канспіралагічных версій і адсутнасць блізкіх сваякоў, якія маглі б падаць заяву пра знікненне ў Польшчы.
Калі б хацелі.
Знікненне апазіцыйнай актывісткі новай хвалі ў эпоху лічбавых слядоў, камер відэаназірання і персанальных звестак рызыкуе стаць “вісяком”, кажучы на мове беларускіх следчых.
З таго, што гучыць публічна, складаецца ўражанне, нібыта Анжаліку Мельнікаву (няхай з ёю ўсё будзе добра) шукаюць у асноўным Латушка, Лявончык і журналісты Еўрарадыё. І рэспект ім за гэта.
У панядзелак увечары журналісты Еўрарадыё пад выглядам былой калегі Анжалікі датэлефанаваліся да маці зніклай спікеркі КР. З голасу зразумела, што жанчына прыгнечаная.
Што ў нас па этыцы
Зусім нядаўна 18 рэдакцый і медыяарганізацый падпісалі новы Кодэкс этыкі беларускіх журналістаў. На гэты момант яго ратыфікаваў ужо 21 суб’ект медыяполя [у тым ліку Еўрарадыё. — Рэд.], рэдакцыі працягваюць далучацца.
Падчас абмеркавання фінальнай версіі кодэкса мы з прадстаўнікамі медыя доўга дыскутавалі акурат наконт гэтага моманту — як сёння могуць прадстаўляцца супрацоўнікі недзяржаўных медыя, калі чыноўнікі ці любыя іншыя асобы апрыёры не дадуць інфармацыі выданню, названаму рэжымам “экстрэмісцкім фармаваннем”.
Для гэтага ў кодэксе акурат запісалі, што “ў экстрэмальных умовах журналіст мае права не прадстаўляцца ад імені рэдакцыі”. Але ніколі ў кодэксах не будзе сказана, што журналіст можа патэлефанаваць прыватнай асобе (супраць якой няма ніякіх падазрэнняў), падмануць яе, запісаць адказы і апублікаваць.
Мы ж самі ўсё жыццё прыводзім такую “малахаўскую журналістыку” з Першага канала расійскага тэлебачання як самы кепскі прыклад журналісцкіх стандартаў.
Ды бог з імі, з кодэксамі. Давайце будзем людзьмі.
Давер да нас — гэта галоўны капітал недзяржаўных медыя. Чаму людзі чытаюць Еўрарадыё, “Люстэрка” ці “Позірк”?
Бо ведаюць, што там будзе праўдзівая інфармацыя, якой можна давяраць. Давярацца. Суперажываць. А як суперажываць, калі сёння мы вось так пазванілі аднаму чалавеку, заўтра — іншаму, а паслязаўтра патэлефануем і разыграем самога чытача.
Рады, што калегі з Еўрарадыё разумеюць гэта.
Прыватнае меркаванне журналіста Барыса Гарэцкага, які адначасова з’яўляецца намеснікам старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, але не выкарыстоўвае свайго службовага становішча, каб ціснуць на медыя.
Афіцыйнае трактаванне Кодэкса па этыцы, а таксама скаргі на публікацыі разглядае Рада па медыяэтыцы, якая таксама не падпарадкоўваецца БАЖ.

Адказ рэдакцыі Еўрарадыё
Мы разумеем усе этычныя пытанні да такога метаду працы — і не толькі з пункту гледжання прафесійнай этыкі, але і проста чалавечай. Аднак мы гэта зрабілі — і вось чаму.
Знікненне спікеркі КР — надзвычайная сітуацыя, і дагэтуль незразумела, дзе яна і нават ці жывая яна. Мы памятаем знікненні апанентаў Лукашэнкі ў канцы 1990-х, і выключаць цяпер нельга нічога.
Таму пасля доўгага абмеркавання ў рэдакцыі мы вырашылі, што інфармацыя пра тое, ці ведаюць родныя Мельнікавай пра яе знаходжанне, важная для грамадства. І гэта адзіны спосаб, які мы цяпер маглі выкарыстаць. На жаль. Бо не мы стварылі ўмоваў, дзе праца журналістаў крыміналізаваная, мы не можам тэлефанаваць як журналісты і працаваць заўсёды “ў белую”.
Вядома, такое рашэнне было прынятае ў парадку выключэння. Бо і сама сітуацыя выключная.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.