Цапкала просіць пракуратуру Польшчы правесці расследаванне паводле фільма АНТ

Валерый Цапкала

Валерый Цапкала

Валерый Цапкала хоча, каб адбылося расследаванне па абвінавачаннях супраць Паўла Латушкі, агучаных у прапагандысцкім фільме тэлеканала АНТ. Адпаведныя заявы экс-прэтэндэнт у прэзідэнты падаў у пракуратуру Польшчы і брытанскую паліцыю. Пра гэта ён напісаў на сваім сайце.

У фільме сцвярджалася, быццам Павел Латушка пасля выбараў у 2020 годзе планаваў падпаліць штаб апазіцыі, каб атрымаць "сакральную ахвяру". У якасці доказу прыводзіўся аўдыязапіс кепскай якасці. Латушка адмаўляе, што ён вёў такую размову.

"У прыватнасці, гаворка ідзе аб падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту, у якім сярод меркаваных ахвяр былі названыя мая жонка Вераніка Цапкала — якая цяпер жыве ў Кембрыджы, Вялікабрытанія — і Марыя Калеснікава — у цяперашні час знаходзіцца ў турме, без абаронцаў. У адрозненне ад іх Святлана Ціханоўская мае магчымасць самастойна ажыццяўляць сваю прававую абарону", — адзначыў Цапкала.

Цапкала хоча, каб спецыялісты праверылі сапраўднасць аўдыязапісу, які прыводзіцца ў фільме.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што не лічыць, быццам Павел Латушка сапраўды рыхтаваў такое злачынства. Ён нагадаў, што падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 года Латушка "старанна пазбягаў удзелу ў акцыях апазіцыі", а да пратэстаў далучыўся толькі 13 жніўня, калі на вуліцы выйшлі сотні тысяч чалавек па ўсёй краіне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.