BYSOL робіць рассылкі донарам. Турбавацца тым, хто данаціў з Беларусі? А з VPN?
Адмаўляцца ад рассылкі BYSOL не будзе / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
BYSOL робіць рассылкі людзям, якія раней данацілі фонду. Пры гэтым у Беларусі сілавікі шукаюць такіх людзей, заводзяць на іх крымінальныя справы, выклікаюць у КДБ і патрабуюць плаціць вялікія штрафы.
Як у такіх умовах BYSOL вырашыў дасылаць лісты з падзякамі і просьбамі дапамагчы і ці бяспечна гэта, даведаліся ў сузаснавальніка фонда Андрэя Стрыжака.
— Мы ажыццяўляем рассылку паводле адфільтраванага спіса адрасоў, з якога выключаныя адрасы донараў, якія фізічна знаходзіліся ў Беларусі на момант даната, — кажа Стрыжак. — Рассылка ажыццяўляецца па спісе данатараў, якія рабілі данаты пасля прызнання нашай арганізацыі "экстрэмісцкай", гэта значыць што людзі свядома працягвалі карыстацца магчымасцю аказваць дапамогу праз BYSOL, негледзячы на патэнцыйны пераслед з боку ўладаў.
Мы вырашылі рабіць рассылку пасля кансультацый з юрыстамі, якія пацвердзілі нам такую магчымасць, бо адрасы пошт мы атрымліваем праз плацёжную сістэму STRIPE, калі чалавек ажыццяўляе плацёж. Мы ўлічваем тыя пытанні, якія атрымліваем ад людзей у сувязі з рассылкай, і вядзем кансультацыі з юрыстамі, каб удасканальваць нашую працу ў гэтым кірунку.
Ці могуць у рассылку трапіць людзі ў Беларусі, якія карысталіся VPN на момант данату?
— VPN — не, бо мы выкарыстоўваем некалькі фактараў вызначэння месцазнаходжання. Але не выключаем, што нехта з атрымальнікаў можа сёння знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі.
Андрэй Стрыжак кажа, што акрамя IP, які хаваецца пры дапамозе VPN, у фондзе глядзяць на плацёжныя дадзеныя і вызначэнне месцазнаходжання ад плацёжнай сістэмы Stripe.
Удакладняем, ці не думалі ў BYSOL адмовіцца ад рассылкі, калі ўсё ж нехта можа быць у Беларусі?
— Мы ўвесь час працуем над удасканаленнем нашай рассылкі, бо дзякуючы рассылкам удаецца сабраць шмат персанальных збораў.
Суразмоўца нагадвае, што ад рассылкі можна адпісацца.