Былы ўладальнік сонечнай электрастанцыі падаў у суд на Лукашэнку
Сонечная электрастанцыя / e-auction.by
У суд на Беларусь падаў грамадзянін Вялікабрытаніі Кіабад Тутанян Машад, якому раней належала сонечная электрастанцыя ў Чэрыкаўскім раёне Магілёўшчыны. Пазоў зарэгістраваны ў Міжнародным цэнтры па ўрэгуляванні інвестыцыйных спрэчак 19 сакавіка, піша Reform.by.
Адказчыкам выступае Рэспубліка Беларусь, а таксама Аляксандр Лукашэнка, прэм'ер-міністр, міністры замежных спраў, юстыцыі, эканомікі, энергетыкі і старшыня Дзяржкаммаёмасці.
Падставай для падачы пазову пазначанае пагадненне Вялікабрытаніі і Беларусі аб садзейнічанні ажыццяўленню і абароне інвестыцый.
Гаворка ідзе пра сонечную электрастанцыю на выселеных тэрыторыях Чэрыкаўшчыны. Там паставілі 388 090 фотаэлектрычных модуляў — гэта найбуйнейшая сонечная электрастанцыя ў Беларусі. Інвестыцыйную дамову на яе будаўніцтва падпісалі ў 2014-м, будаўнічыя работы пачалі ў верасні 2018-га. У камерцыйную эксплуатацыю станцыю запусцілі ў лютым 2022 года. А ўжо ў траўні таго ж года адклюцылі ад нацыянальнай энергасістэмы, заявіўшы аб праблемах з якасцю вырабленай электраэнергіі.
У;летку 2023-га інвестар прапаноўваў ураду Беларусі пачаць мірныя перамовы і даваў тры месяцы на абдумванне. Ён патрабаваў цалкам кампенсаваць яму інвестыцыі — гаворка ішла пра сотні мільёнаў доляраў.
Сёлета ў студзені рэжым Лукашэнкі нацыяналізаваў электрастанцыю і ў сакавіку выставіў яе на аўкцыён са стартавым коштам 79 751 000 рублёў (каля 25 млн даляраў). Але купляць сонечную электрастанцыю ніхто не захацеў.