Без Лукашэнкі ўсё зламаецца? Эканамічныя страшылкі, якіх баяцца беларусы

Пры новай уладзе кашалькі апусцеюць? / Еўрарадыё
Транзіт улады часта асацыюецца ў грамадзян Беларусі з эканамічнымі ўзрушэннямі. Яны выбіраюць "стабільнасць" з адносна невысокімі заробкамі і ўпарта не хочуць верыць у станоўчы эфект перамен.
Боязь дэвальвацыі, абвал эканомікі, крах сістэмы адукацыі, страх перад "татальнай прыватызацыяй" і туманнымі перспектывамі, апаска, што знайсці сваё месца ў "новым жыцці" не атрымаецца, — вось самыя распаўсюджаныя фобіі. Наколькі яны абгрунтаваныя? Адказвае палітык і эканаміст Яраслаў Раманчук.

Міф: пры новай уладзе сельская гаспадарка канчаткова абрынецца
Яраслаў Раманчук: Сельгасвытворчасць і назапашаныя кампетэнцыі ў гэтай сферы — перавагі Беларусі. І калі ўявіць, што заўтра будзе расфармаванае Міністэрства сельскай гаспадаркі, калі дзяржава распрадасць усе свае актывы ў гэтай сферы — то ў Беларусі наступіць сапраўдны сельскагаспадарчы бум.
Калі над людзьмі, якія працуюць на зямлі, не будзе ярма чыноўнікаў, указалаўкі і рэгулятаркі, не будзе вялікіх транзакцыйных выдаткаў — яны атрымаюць рэальную свабоду дзеянняў. Яны ўжо ведаюць, што рабіць, і будуць хутка напаўняць беларускі і знешні рынкі. Я думаю, Беларусь можа пайсці не шляхам Грэцыі, а, хутчэй, шляхам Новай Зеландыі, якая паказала, як прыватная ініцыятыва ў сельскай гаспадарцы можа забяспечыць 60% экспарту краіны. Экспарт сельскай гаспадаркі там перавышае 200 мільярдаў долараў.
Куды экспартаваць прадукцыю? Гэта пытанне беларускіх уладаў, якія павінны здымаць штучныя гандлёвыя бар'еры на шляху перамяшчэння беларускіх тавараў. Трэба размаўляць з Еўрапейскім саюзам, напаўняць сэнсамі пагадненні з Расіяй. Трэба падпісваць пагадненні аб зоне свабоднага гандлю з краінамі Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі. Але, на жаль, парадак дня нашых органаў улады накіраваны не на тое, каб падтрымаць беларускіх вытворцаў, а на тое, каб выратаваць сябе ў сістэме "савок-дзяржплан".

Міф: Беларусь патрэбна Захаду толькі як рынак збыту, а нашы тавары ім не патрэбныя
Яраслаў Раманчук: Гэта шэраг міфаў, якія вандруюць яшчэ з 90-х гадоў. Па-першае, у нас ёсць шэраг вытворцаў, якія з задавальненнем напаўняюць унутраны рынак, і яны будуць напаўняць яго хутка. Па-другое, ніхто не кажа, што Беларусь пачне абнуляць усе імпартныя пошліны і сертыфікаты і тым самым аддасца ў лапы транснацыянальных карпарацый, якія працуюць у зададзеных кірунках. Напрыклад, тая самая сельская гаспадарка: яна канкурэнтная, таму што яна якасная, яна мае свае рынкі і сеткі збыту.
Проста трэба прызнаць той факт, што за поспехамі асобных сельгаспрадпрыемстваў стаіць не Лукашэнка, а людзі, якім трэба легалізавацца і займацца чыста кіраўніцкімі справамі, а не марнаваць шмат часу на лабіраванне, вымольванне і абарону свайго бізнесу ад наменклатурна-сілавых кланаў.
Міф: "эфектыўныя менеджары" з-за мяжы захопяць усе прадпрыемствы
Яраслаў Раманчук: Калі, напрыклад, "Малочны Свет" ці "Савушкін прадукт" запросяць у якасці кіраўніка чалавека, скажам, з Нідэрландаў ці Даніі, то гэта не будзе захопам прадпрыемства. Гэта толькі павялічыць кампетэнцыю беларускіх менеджараў за кошт абмену досведам з замежнікамі. Абмен такога роду досведам, інтэрнацыяналізацыя вытворчасці — спосаб заняць новыя нішы ў глабальных ланцужках, у тым ліку і харчовых.
Міф: усе прыватызуюць, а потым закрыюць
Яраслаў Раманчук: Не. У 2003 годзе мы з калегамі распрацоўвалі праект альтэрнатыўнай прыватызацыі. Там дакладна былі прапісаны механізмы прыватызацыі трох відаў прадпрыемстваў. Першы механізм адносіцца да малых дзяржаўных прадпрыемстваў, якія трэба прыватызаваць для мясцовага бізнесу, — так званая рэсурсная падтрымка малога прадпрымальніцтва. Другі механізм прадугледжвае прыватызацыю сярэдніх прадпрыемстваў, якія працуюць на ўвесь рынак Беларусі, і трэці — стратэгічна важныя прадпрыемствы, прыватызацыя якіх ажыццяўляецца па індывідуальных планах пры строгім выкананні працэдур прыватызацыі. Такога роду падыход дазваляе досыць хутка сфармаваць новую структуру ўласнасці, прыцягнуць сюды грошы і ўнікнуць тых сцэнароў, якія негатыўна рэалізоўваліся ва Украіне ці ў Расіі, калі фармаваўся алігархат.

Міф: новая ўлада абясцэніць працу і правы рабочых
Яраслаў Раманчук: Капіталізм яшчэ ні ў адной сучаснай краіне гэтага не зрабіў. Тое, што мы маем сёння, — сістэма жудаснага таталітарнага сацыялізму. Яна — прыклад таго, наколькі ўсёахопным ёсць парушэнне правоў рабочых. Гадавыя кантракты, поўная дэмаралізацыя прафсаюзаў, адсутнасць паўнавартаснага рынку працы — усё гэта формы заняволення работнікаў, асабліва ў сувязі з тым, наколькі мала яны атрымліваюць.
У нас сістэма ўладкаваная так, што прадукцыйнасць працы адстае ў некалькі разоў нават ад краін Усходняй Еўропы. Горшага дна для пралетарыяту, чым у Беларусі, я нават не ўяўляю. Тыя механізмы абароны правоў работнікаў, якія прадугледжваюць работу ва ўмовах адкрытай канкурэнцыі за працоўную сілу, робяць прафесійную абарону работнікаў значна надзейнейшай, чым мы маем сёння.

Міф: Беларусі забароняць гандляваць з Расіяй
Яраслаў Раманчук: Ніводзін сур'ёзны эканаміст, стратэг і палітык ніколі не будзе прапаноўваць абмяжоўваць гандаль з кім бы там ні было, а асабліва з краінай, якая фармуе амаль палову знешнегандлёвых аперацый. Гэта звычайная версія-страшылка.
Міф: заходнія канкурэнты разбураць цяперашнюю сістэму адукацыі
Яраслаў Раманчук: У нас ёсць цудоўныя крыніцы прафесійнай фізіка-матэматычнай, хімічнай, медыцынскай і IT-адукацыі. Яны цалкам спакойна могуць жыць і без удзелу дзяржавы, без райана і ўсіх тых вертыкаляў, якія да адукацыі і фармавання чалавечага капіталу не маюць ніякага дачынення.
Прыватызацыя вышэйшай адукацыі неабходная. Трэба падтрымліваць фундаментальную навуку, падтрымліваць канкрэтных людзей, даючы ім акадэмічную свабоду творчасці. Зноў-такі, я б звярнуўся да досведу Новай Зеландыі і Сінгапура, калі ёсць магутныя прафесійныя калектывы настаўнікаў як камерцыйныя арганізацыі, якія вядуць работу па падрыхтоўцы вучняў сярэдняй школы. Яны бяруць некалькі школ, працуюць, зарабляюць самі і адначасова гарантуюць высокі ўзровень падрыхтоўкі. І гэта сістэма працуе.
Тое, што цяпер адбываецца ў беларускай сістэме адукацыі, — гэта спосаб бяздарна траціць грошы бацькоў, гэта спосаб ідэалагізацыі і палітызацыі моладзі, якая замест падрыхтоўкі да рэальнага рынку працы рыхтуецца да праектаў дзяржавы, якія мала звязаны з рэальнасцю.
Міф: "паўднёвакарэйскі цуд" у Беларусі немагчымы — ён жа адбыўся дзякуючы пастаянным траншам з Захаду
Яраслаў Раманчук: Паўднёвая Карэя на працягу амаль 25 гадоў працавала ў рэжыме, калі дзяржрасходы не перавышалі 12% ВУП. Складнікі "карэйскага цуду" — гэта адкрытасць, прыняцце сусветных стандартаў свабоднага гандлю, інтэрнацыяналізацыя вытворчасці і прыняцце міжнародных карпарацыйных стандартаў, нізкая рэгуляторная нагрузка, фармаванне канкурэнтных вытворчасцяў. Таксама гэта арыентацыя на культуру працавітасці, інавацыйнасці і прадпрымальнасці. Гэта і ёсць простыя рэцэпты, якія дазволілі Паўднёвай Карэі стаць высокаразвітой прамысловай краінай XXI стагоддзя. Але робіцца гэта не за год, гэта работа для двух пакаленняў. Таму, калі мы хочам, каб Беларусь мела 50-60 тысяч долараў на душу насельніцтва, нам трэба гэта рабіць сёння.
Міф: людзі старэйшага пакалення страцяць пенсіі
Яраслаў Раманчук: Пенсіянеры могуць быць спакойныя за вынік любых эканамічных трансфармацый. Логіка вельмі простая: па меры багацення краіны будуць расці безумоўныя даходы і пенсіі. А іншага спосабу павялічваць пенсійныя выплаты проста не існуе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.