Беспрацоўная мінчанка прысабечыла 52 млн, якія забыла ў аптэцы дзяўчына
Без 52 мільёнаў рублёў засталася дзяўчына пасля наведвання мінскай аптэкі. Як паведамляе прэс-служба мінскай міліцыі, у той дзень дзяўчына ішла да сяброўкі, каб перадаць ёй згаданую суму. Грошы ляжалі ў каробцы. Па дарозе яна зайшла ў аптэку. Дзяўчына паклала на стойку скрынку з грашыма, зверху паставіла сваю сумачку і пачала актыўна заказваць медпрэпараты. Разлічыўшыся з фармацэўтам, дзяўчына пайшла з аптэкі, забыўшыся забраць каробку з грашыма.
Жанчына, якая стаяла за ёй у чарзе, адразу звярнула ўвагу на забытую скрынку. Яна пры ўсіх адчыніла, а калі пабачыла грошы, то заявіла астатнім, што знутры напісаны нумар тэлефона, па якім яна звяжацца з гаспадыняй і верне грошы.
Дзяўчына згадала пра забытыя грошы толькі тады, калі сустрэлася з сяброўкай. Дзяўчаты звярнуліся ў аптэку, аднак там нічога ўжо не было. тады яны пайшлі ў міліцыю.
Знайсці жанчыну ўдалося дзякуючы запісам відэакамер на бліжэйшых аб'ектах. Выявілася, што гэта 55-гадовая беспрацоўная мінчанка. Скрадзеныя грошы міліцыя знайшла ў яе дома. На жанчыну пачалі крымінальную справу за крадзеж.
Фота: rwest.ru