Беларускія памежнікі паказалі, як украінскія байцы наводзяць на іх аўтаматы

Украінскія вайскоўцы на назіральнай вышцы на мяжы з Беларуссю / t.me/gpkgovby
Дзяржаўнаму памежнаму камітэту Беларусі не падабаецца жалезабетонны плот, які будуецца Украінай на мяжы. У чацвер былі апублікаваныя фота і відэа адтуль. Адзначаецца, што ў плоце ў некаторых месцах не хапае 2-3 пліты, а ўздоўж яго ўсталяваныя назіральныя вышкі. Змешчаны здымак украінскіх байцоў на вышцы, якія пазіруюць перад фотакамерай — наводзяць на беларусаў аўтаматы. "Украінскія вайскоўцы, якія знаходзяцца на назіральных вышках, наўмысна ствараюць напружаную абстаноўку, цэлячыся са зброі ў людзей, якія знаходзяцца на беларускай тэрыторыі", — пішуць беларускія памежнікі.
Тыдзень таму стала вядома, што ўкраінцы пачалі будаваць жалезабетонны плот з калючым дротам у Валынскай вобласці на мяжы з РБ. Напярэдадні з'явіліся здымкі з такога ж будаўніцтва ў Ровенскай вобласці.
Беларускім памежнікам не падабаецца і тое, што ўкраінцы ўзрываюць масты на мяжы з Беларуссю. Відавочна ж, што робіцца гэта на выпадак магчымай агрэсіі з боку РБ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.