Беларускі палітуцякач абвясціў галадоўку пад Дэпартаментам міграцыі Літвы
Беларускі палітуцякач абвясціў галадоўку ў Вільні / фота сябра Арцёма Ярмака
17 траўня каля Дэпартамента міграцыі Літвы абвясціў галадоўку беларускі палітуцякач Арцём Ярмак, фігурант справы пра "падпал дома Гайдукевіча", паведамляе "Белсат". На галадоўкі і адзіночны пікет ён наважыўся, бо не можа атрымаць паўнавартасную легалізацыю ў належны тэрмін.
Міграцыйная служба Літвы прызнае праблему. Але чыноўнікі кажуць, што з цяперашнім статусам Ярмака можна шукаць працу і нават атрымаць ад дзяржавы часовае жытло.
Хлопца затрымалі 13 жніўня 2021 года, калі сілавікі па справе пра "падпал дома дэпутата Гайдукевіча" схапілі два дзясяткі чалавек і змясцілі іх у следчы ізалятар КДБ. Арцёма Ярмака падазравалі ў тым, што ён "даваў парады ў пытаннях падпалу".
Выпусцілі яго праз 109 дзён пад "абавязанне аб яўцы". Пасля гэтага хлопец уцёк з Беларусі. Па яго словах, ён ішоў лясамі 30 км, начаваў у лесе пры тэмпературы –7, праваліўся пад лёд на балоце. У Літву ён трапіў 17 сакавіка 2022 года.
У беларускім судзе справу пачалі разглядаць у сакавіку 2023 года і дагэтуль не вынеслі прысуд. Па ёй праходзяць 18 абвінавачаных, якім выставілі 14 крымінальных артыкулаў, у тым ліку "Акт тэрарызму" і "Змову з мэтай захопу ўлады".
У Літве Арцём Ярмак чакае від на жыхарства ўжо 15-ы месяц. Ён лічыць, што яго справу ігнаруюць. Паводле закону, справу абавязаныя разглядзець цягам шасці месяцаў з дня падачы хадайніцтва.
Пакуль у яго ёсць толькі картка аб чаканні легальнага статусу. Фармальна гэты дакумент дае дазвол на працу, але фактычна, кажа Ярмак, на працу з такой карткай нідзе не бяруць.
"Белсат" звярнуўся ў Дэпартамент міграцыі Літвы з пытаннем наконт справы Ярмака. Літоўскія чыноўнікі адказалі, што не могуць каментаваць справы канкрэтных людзей з прынцыпаў абароны прыватных звестак. Але дадалі: "Мы шкадуем, што праз павялічаную нагрузку разгляд заяваў некаторых фізічных асобаў займае больш часу. Аднак Дэпартамент міграцыі прыкладае ўсе намаганні, каб як мага хутчэй ліквідаваць затрымкі".