Беларуская ўрадавая дэлегацыя не змагла вылецець у Татарстан
Самалёт, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Беларускія чыноўнікі не змаглі вылецець у Казань, бо тамтэйшы аэрапорт перастаў прымаць самалёты. Таксама закрытыя аэрапорты Ульянаўска і Ніжнекамска — у маштабах Расіі гэта непадалёк.
"Аэрапорт прызначэння часова не прымае і не адпраўляе рэйсы: у мэтах забеспячэння бяспекі палётаў грамадзянскіх паветраных судоў уведзены абмежаванні на палёты", — паведамляе прэс-служба ўрада.
Урадавая дэлегацыя на чале з прэм'ер-міністрам Аляксандрам Турчыным мелася сёння прыбыць у Татарстан з візітам.
У расійскіх СМІ адзначаюць, што звычайна неба над Казанню закрываюць падчас якіх-небудзь пагроз у паветранай прасторы. Афіцыйных звестак на цяперашні момант няма. Апошні раз пагроза Татарстану абвяшчалася 11 сакавіка, а рэальная атака была пад канец студзеня.