Беларусам у Варшаве стала цяжэй атрымаць даведку на вяртанне — СМІ

Беларускі пашпарт, ілюстрацыйнае фота

Беларускі пашпарт, ілюстрацыйнае фота / Еўрарадыё

Амбасада Беларусі ў Варшаве цяпер прымае грамадзян, якія хочуць атрымаць пасведчанне на вяртанне, толькі паводле папярэдняга запісу.

Выключэнне зрабілі для тых суайчыннікаў, якія перабываюць у Польшчы з кароткатэрміновым візітам і з нейкіх прычынаў згубілі пашпарт ці ён непрыдатны да выкарыстання.

Адпаведную абвестку заўважыла ў амбасадзе спецыялістка па рэлакацыі Кацярына Чахоўская.

"Грамадзяне, якія страцілі пашпарт (пашпарт непрыдатны для выкарыстання) падчас кароткатэрміновай паездкі за мяжу і жадаюць вярнуцца ў Беларусь у самыя кароткія тэрміны, прымаюцца ў амбасадзе ў прыёмныя гадзіны без папярэдняга запісу ў парадку чарговасці. Грамадзяне, якія часова або пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Польшча і маюць падставы для знаходжання ў Рэспубліцы Польшча (karta pobytu або dowód osobisty), а таксама грамадзяне, якія накіроўваюцца ў Рэспубліку Беларусь з дзіцем, якое не мае пашпарта Рэспублікі Беларусь і народжанае на тэрыторыі Рэспублікі Польшча, прымаюцца толькі паводле папярэдняга запісу", прыводзіць тэкст абвесткі рэсурс Reform.

Пасведчанне на вяртанне выдаецца на тэрмін да шасці месяцаў. З гэтым дакументам можна аднаразова перасячы польска-беларускую мяжу без нацыянальнага пашпарта. Гэта дакумент з фатаграфіяй, які сведчыць асобу, таму яго прымаюць і польскія дзяржаўныя органы — напрыклад, пры выдачы дакументаў дзіцяці, народжанаму ў Польшчы. З гэтай прычыны даведку на вяртанне нярэдка бяруць беларусы, якія хочуць легалізаваць сваё знаходжанне ў Польшчы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.