Беларусь у рэйтынгу дабрабыту заняла 81-е месца з 145
Рэспандэнтам задавалі пытанні, якія тычацца пяці асноўных параметраў якасці паўсядзённага жыцця.
Беларусь у рэйтынгу дабрабыту заняла 81-е месца ў свеце. Ён ствараўся Амерыканскім інстытутам грамадскай думкі Gallup і кампаніяй Healthways па пяці асноўных параметрах якасці паўсядзённага жыцця. Апытанне праводзілася ў 2014 годзе сярод 146 тысяч чалавек у 145 краінах.
Рэспандэнтам задавалі пытанні, якія тычацца пяці асноўных параметраў якасці паўсядзённага жыцця: сацыяльнае асяроддзе, матэрыяльны дабрабыт, фізічны стан, міжасабовыя стасункі і магчымасці самарэалізацыі.
Вышэйшыя радкі ў рэйтынгу занялі Панама, Коста-Рыка, Пуэрта-Рыка, Швейцарыя, Беліз, Чылі, Данія, Гватэмала, Аўстрыя і Мексіка.
Краінамі з горшымі паказчыкамі дабрабыту сталі Туніс, Таго, Камерун, Бутан, Афганістан.
У Беларусі толькі 15,7% жыхароў высока ацэньваюць свой дабрабыт. Вышэй за ўсё беларусы ацанілі магчымасці самарэалізацыі і матэрыяльны дабрабыт (па гэтых паказчыках наша краіна знаходзіцца адпаведна на 56-м і 68-м месцах у сусветным рэйтынгу). А вось сацыяльнае асяроддзе і фізічны стан атрымалі даволі нізкія ацэнкі: 91-е і 136-е месца ў сусветным рэйтынгу.
Сярод нашых суседзяў Расія месціцца на 47 месцы, Польшча — на 57, Латвія — на 88, Літва — на 103, Украіна — на 128 месцы.
Фота: well-beingindex.com