Ці значыць гэта, што ніякай пагрозы страты суверэнітэту і дзяржаўнасці Беларусі няма?
— Я яе баюся і не выключаю, бо так сапраўды можа быць. Але я ўпэўнены, што гэта будзе часовым. Мы ўжо былі ў Расійскай імперыі і не мелі сваёй дзяржавы. Мы не мелі сваёй дзяржавы пры нацысцкай акупацыі. У міжваенны час мы знаходзіліся ў складзе Польшчы — тая заходняя частка, з якой я паходжу, — і таксама яе не мелі. Але вось, глядзіце, усё адраджаецца.
Лукашэнка ліквідуе беларускасць, хоча знішчыць нашу нацыянальную свядомасць. Хоча, каб яна была ўмоўная — выключна тэрытарыяльная і пабудаваная на любові да яго, дыктатара.
Але ўсё роўна мы адраджаемся. Выраслі людзі, якія нават за мяжой (і нават калі застануцца за мяжой) будуць дбаць пра тое, каб у Беларусі быў свой дом, былі свае культура і мова — такія важныя.
І гэта ўсё адраджаецца, бо гэтага хочуць людзі. У выніку яны прагаласуюць за правільных дэпутатаў і прызначаць новых міністраў, бо культура, самасвядомасць, ідэнтычнасць будуць важнымі складнікамі пабудовы сваёй дзяржавы.