Беларусь аказалася на першым месцы ў свеце па смяротнасці ад алкаголю

Жудасныя лічбы

Жудасныя лічбы / pixabay.com

Беларусь займае першае месца ў свеце па ўзроўні смяротнасці ад алкаголю. Такія даныя прыводзяцца ў міжнародным даследаванні, апублікаваным у верасні 2025 года ў аўтарытэтным медыцынскім часопісе The Lancet Public Health, пішуць “Белыя халаты”.

Навукоўцы прааналізавалі ўзроставыя стандартызаваныя паказчыкі смяротнасці і DALYs — г.зн. гады жыцця, страчаныя як з-за заўчаснай смерці, так і з-за хваробаў, выкліканых ужываннем алкаголю. У Беларусі гэты паказчык склаў 164,3 смерці на 100 000 чалавек (дыяпазон нявызначанасці: 147,5–179,4). На другім месцы — Малдова (162,3), на трэцім — Украіна (156,9).

Калі глядзець на сумарныя страты здароўя і жыцця (DALYs), то Беларусь знаходзіцца на трэцім месцы ў свеце. На кожныя 100 000 насельніцтва прыпадае 5596,2 страчаных гадоў жыцця і здароўя. Гэта супастаўна з Украінай (5667,9) і крыху менш, чым у Расіі (5772,4).

Як вывелі такія лічбы?

Даследаванне грунтуецца не толькі на прамых справаздачах дзяржаў, але і на ўскосных паказчыках: звышсмяротнасць, колькасць курцоў і тых, хто п’е, аб’ём продажаў алкаголю і іншае.

Беларусь оказалась на первом месте в мире по смертности от алкоголя

Пасля гэтая інфармацыя апрацоўваецца з дапамогай матэматычных мадэляў, каб выявіць “схаваныя” лічбы, якія краіны не падаюць ці хацелі б утойваць.

Сярод аўтараў даследавання — спецыялісты з Канады, ЗША, Германіі.

Для “Белых халатаў” вынікі даследавання пракаментаваў псіхіятр Уладзімір Пікірэня.

— На самой справе прыкладна такая ж алкагольная смяротнасць у Беларусі была і дваццаць, і трыццаць гадоў таму. Але ў свеце яна знізілася, а ў Беларусі засталася такой жа. Справа ў тым, што большасць краін праводзіць свядомую палітыку змяншэння спажывання моцнага алкаголю. Беларусь жа застаецца краінай, дзе значная частка насельніцтва п’е моцны алкаголь, ды яшчэ і вельмі брутальна.

Акрамя таго, у Беларусі істотныя праблемы са зваротам па дапамогу ў сувязі з залежнасцю ад алкаголю. Людзі, якія прыходзяць у дзяржаўныя медустановы па дапамогу, аўтаматычна ставяцца на ўлік і потым маюць масу праблем. Любое лячэнне алкагалізму ў дзяржструктурах дыскрымінуе чалавека, абмяжоўваючы яго магчымасці. Таму людзі ў такіх умовах пазбягаюць лячэння да апошняга.

Больш за тое, у Беларусі не зарэгістраваныя лекі з даказанай эфектыўнасцю супраць алкагольнай залежнасці — налтрэксон і акампросат. Гэтыя прэпараты рэкамендаваныя СААЗ, але ў нашых аптэках іх нельга набыць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.