БДУ: Як тады вучыць, калі парогавы бал адменяць?

“У 2013 годзе, з-за павышэння ніжняга парогавага значэння тэставага бала каля 36% усіх абітурыентаў не былі дапушчаныя да конкурсу”, — перадае Белта словы Аляксандра Лукашэнкі на нарадзе, прысвечанай новым правілам прыёму ва ўніверы, вучэльні і тэхнікумы.

Ды раіць пераглядзець парогавыя балы, якія неабходна набраць для паступлення. Каб “аграном і матэматык” не аказаліся па-за універсітэтам з-за нізкіх адзнак па няпрофільных прадметах.

Летась, каб паступіць трэба было набраць па рускай і беларускай мове  больш за 10 балаў, па фізіцы, матэматыцы і біялогіі — 15 балаў, па гісторыі, грамадствазнаўстве і замежных мовах — 20 балаў.

У ваеннай акадэміі набралі толькі 65% такіх абітурыентаў.

“Мы больш, чым 30% не дабралі летась з-за гэтага парогавага бала”, — адказваюць Еўрарадыё ў Ваеннай акадэміі.

Набраць больш, чым 15 балаў са ста было складана і для абітурыентаў аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта: не хапіла нават платнікаў.

“Многія летась цікавіліся, пыталі: ці знізілі гэты парог. Але канкрэтны адсотак не падлічвалі. Зразумела, для нас лепш, каб яго адмянілі, тады б больш набралі на платнае”, — разважаюць у Аграрна-тэхнічным універсітэце.

Акадэміі міліцыі парогавыя балы не перашкодзілі: летась набралі ўсіх. Тут не могуць вызначыць нейкі адзін профільны прадмет.

“Мы ўсіх набралі, недабору не было з-за гэтага. У нас асноўная спецыяльнасць — парвазнаўства, але ёсць і матэматыка, і руская мова”, — расказваюць у акадэміі.

“Каб атрымліваць вышэйшую адукацыю мусяць быць неабходныя парогавыя веды. Без іх немажліва вучыць. Бо як тады навучаць?”, — задаюцца пытаннем у прыёмнай камісіі галоўнай вну краіны – БДУ. Тут праблем з недаборам няма.

На прафесійна-псіхалагічнае сумоўе ў БДУ запісаліся ўжо 259 чалавек. Гэта, як іспыт для абітурыентаў журфака і міжнародных адносінаў. Але ў новай рэдакцыі правілаў паступлення гэтае сумоўе збіраюцца адмяніць. Вось незадача.

У Мінадукацыі за тры месяцы да тэставання яшчэ не кажуць: ці адменяць парогавы бал, ці проста знізяць. Новыя правілы згодна з нарадай у кіраўніка краіны мусяць з’явіцца напрыканцы сакавіка.

Летась траціна абітурыентаў не здалі тэставанне (не змаглі набраць парогавыя балы). Агулам жа на іспыты запісаліся тады 117 тысяч чалавек.

Карэспандэнтка Еўрарадыё наўгад набрала 22 балы па біялогіі!

Фота: belta.by