Баевікі захапілі ўкраінскае падраздзяленне ў Луганску

У ім удзельнічалі сотні баевікоў так званай "Луганскай народнай рэспублікі" (украінскія ўлады прызналі гэтую структуру тэрарыстычнай арганізацыяй). У выніку перастрэлак параненыя былі з абодвух бакоў. Як інфармуе РІА "Новости", украінскія вайскоўцы здаліся і склалі зброю. "Апалчэнцы" іх усіх адпусцілі дахаты. Сярод "трафеяў" баевікоў апынуўся бронетранспарцёр.

УНІАН падае тую ж інфармацыю. Еспресо.TV са спасылкай на прэс-службу Нацыянальнай гвардыі інфармуе, што бой працягваўся 10 гадзінаў і быў спынены, калі ў гвардзейцаў скончыліся патроны. Цяпер іх "перадыслакавалі ў бяспечнае месца". Сярод украінскіх сілавікоў трое параненых, у нападнікаў — 20 параненых і 6 забітых.
 

Нагадаем, учора ўкраінскія войскі ўзялі пад кантроль горад Красный Ліман каля Славянска. Баі ішлі і ў іншых раёнах Данецкай і Луганскай абласцей. За дзень баёў было забіта каля 300 баевікоў, 500 паранена. З боку ўкраінскіх сілавікоў 2 забітых і 45 параненых, баевікі пашкодзілі адзін верталёт.
 

Стала вядома, што выканаўца абавязкаў прэзідэнта Украіны Аляксандр Турчынаў даручыў сакратару Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Андрэю Парубію разгледзець магчымасць увядзення вайсковага становішча ў раёнах правядзення антытэрарыстычнай аперацыі.

Фота — ria.ru