Аршанца адправілі ў СІЗА за здымкі на вакзале

Яўген Бодрыкаў / t.me/vicspring
27-гадовы аршанец Яўген Бодрыкаў трапіў у віцебскае СІЗА за фатаздымкі на вакзале. На маладога чалавека пачалі крымінальную справу. Хутчэй за ўсё нагодай стала фатаграфаванне перамяшчэння вайсковай тэхнікі, пішуць праваабаронцы з "Віцебскай Вясны".
Яўген Бодрыкаў — ураджэнец Оршы. Ён быў пераможцам прадметных алімпіядаў па гісторыі, у 2014 годзе нават перамог на рэспубліканскай алімпіядзе. Быў узнагароджаны грашовым сертыфікатам ад імя раённага ўпраўлення адукацыі.
Пасля школы хлопец паступіў на бюджэтную форму навучання на гістфак БДУ, быў студэнцкім актывістаме, добра зарэкамендаваў сябе падчас практыкі ў мінскай гімназіі №20.
У 2020-м яго затрымалі і збілі падчас грамадскіх пратэстаў у Мінску. Бодрыкаў трапіў у шпіталь з чэрапна-мазгавой траўмай. Пазней суд у Мінску яго аштрафаваў на 675 рублёў, абвінаваціўшы ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. У 2022-м па тым самым артыкуле суд у Оршы пакараў яго 15-сутачным арыштам за фатаздымак у сацсетках, дзе на хлопцы была майка з Пагоняй.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.