Анлайн-рэпартаж з суда над Атрошчанкавым, Маўчанавым і Новікам
Суд прысудзіў Аляксандра Атрошчанкава да 4 гадзінаў калоніі строгага рэжыма, Змітра Новіка — да 3 гадоў 6 месяцаў, і Аляксандра Маўчанава — да 3 гадоў.
18:30. Суд прысудзіў Аляксандра Атрошчанкава да 4 гадзінаў калоніі строгага рэжыма, Змітра Новіка — да 3 гадоў 6 месяцаў, і Аляксандра Маўчанава — да 3 гадоў зняволення. Падрабязней пра прысуд, які прагучаў 2 сакавіка Фрунзенскага раёна Мінска, можна прачытаць тут.
18:07. Суд прызнаў факт змовы паміж Атрошчанкавым, Маўчанавым і Новікам.
18:05. Суддзя Таццяна Чаркас абвяшчае прысуд.
15:45. Абвешчаны перапынак на 2 гадзіны — да 17:45.
15:38. Атрошчанкаў у сваім апошнім слове кажа, што не разумее, чаму яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках. І ўвогуле, яму нават падчас суда не патлумачылі, за які менавіта ўчынак яго судзяць.
15:35. Апошняе слова Новіка. Ён кажа, што не знішчаў маёмасці, але за час знаходжання ў СІЗА раскаяўся і ўсвядомеў віну.
15:33. Апошняе слова Малчанава. Ён шкадуе пра ўдзел у акцыі, пра тое, што зрабіў.
15:30. Адвакат просіць апраўдаць Аляксандра Атрошчанкава.
15:27. Працягвае Адвакат Атрошчанкава: яго падабаронны не шкодзіў маёмасць і нават не падыходзіў да дзвярэй Дома ўраду. Прынамсі, сведчанняў пра гэта падчас судовага разбіральніцтва не прагучала. Не бачылі, як ён біў бы дзверы Дома ўраду, і аператары з ГУЎС. Увогуле, сцвярджае адвакат, яму складана сказаць, што падштурхнула следчыя ворганы распачаць справу супраць Атрошчанкава. Дадае, што следства вялося з адміністрацыйнымі парушэннямі: паразмаўляць са сваім падабаронным сам-насам у яго не атрымалася ніводнага разу.
15:24. Адвакат Атрошчанкава ізноў звяртае ўвагу суда на несупадзенне азначэння масавых беспарадкаў з Крымінальнага кодэкса таму, што адбывалася 19 снежня на плошчы Незалежнасці. Кажа, што па сутнасці ніякіх доказаў супраць Атрошчанкава не прывялі. А відэа даказвае хіба што тое, што ён знаходзіўся ў натоўпе, чаго і сам падсудны не адмаўляў.
15:20. Пачащся выступ адваката Аляксандра Атрошчанкава.
15:19. Адвакат Змітра Новіка просіць апраўдаць яго па артыкуле аб масавых беспарадках.
15:17. Адвакат Змітра Новіка кажа, што таксама не ўбачыла доказаў папярэдняй змовы. Просіць улічыць змягчальныя абставіны: раскаянне і сорам за тое, што здзейсніў падсудны. Тое, што ён алужыў у войску, дзе атрымліваў падзякі. Тое, што гадаваўся ў няпоўнай сям’і.
15:14. Працягвае адвакат Новіка. Крымінальны кодэкс падзяляе паняткі “пашкоджанне” і “знішчэнне” маёмасці. Другое — гэта калі маёмасць не можа быць адноўленая. А ў выпадку “Справы 19 снежня” з акта вынікае, што маёмасць аднавілі. У дадатак, калі супрацоўнік ДАІ кажа, што выходзіць на праездную частку нельга — гэта не супраціў, а ўсяго толькі непадпарадкаванне.
15:11. Адвакат працягвае: людзі рухаліся ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасці арганізавана, неўтаймаванага натоўпу не было. А пашкоджанне дзвярэй — гэта не масавыя беспарадкі. І пра сталы, па якіх быццам бы наносілі ўдары падсудныя, у акце пра пашкоджаную маёмасць не было ні слова…
15:08. Адвакат Новіка дадае, што ў падсудных не было намеру знішчаць маёмасць — яны хацелі трапіць у будынак. На прадстаўленым у судзе відэа бачна, што шкло ў дзвярах Дома ўрада білі 5 чалавек. А масавыя беспарадкі — гэта дзеянні неарганізаванага натоўпу з падпаламі, гвалтам і супрацівам прадстаўнікам уладаў.
15:04. Адвакат Новіка сцвярджае, што акцыя на плошчы не можа трактавацца як масавыя беспарадкі, бо носіць лакальны характар. Гэта пацвярджаецца сведчаннем супрацоўнікаў ГУЎС Мінгарвыканкама, якія здымалі відэа. Таксама міліцыянты засведчылі тое, што мітынг адбываўся мірна, і тое, што дзверы Дома ўраду разбівала група да 17 чалавек, а астатнія — больш за 10 тысяч — ні ў якіх беспарадках не ўдзельнічалі і не шкодзілі маёмасць.
15:01. Адвакат Аляксандра Малчанава папрасіла зняць абцяжарваючыя абставіны — алкагольнае ап’яненне і змову, а таксама адзначыла змягчальныя абставіны — станощчыя характарыстыкі і тое, што ён забяспечвае двух непрацаздольных бацькоў.
14:50. Пракурор патрабуе пакараць Атрошчанкава, Новіка і Малчанава 5 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыма. Абцяжарваючымі абставінамі ён называе дзеянні па ў змове. Пры прызначэнні пакарання ён просіць улічыць ступень грамадскай небяспекі, якую ўяўляюць падсудныя.
14:45. Пракурор кажа, што, нягледзячы на непрызнанне Атрошчанкавым віны, віна пацвяджаецца паказаннямі сведкаў, відэаматэрыяламі і расшыфроўкамі тэлефанаванняў. Ён кажа, што Атрошчанкаў добра бачны на відэа ў натоўпе, які імкнецца ўварвацца ў Дом ураду, і пры гэтым на яго твары — усмешка.
14:42. Пачаліся судовыя спрэчкі, выступае пракурор.
14:40. Не з’явіўся сведка Сляпухін. Ніхто не супраць таго, каб скончыць без яго. Атрошчанкаў памыліўся і сказаў, што “не супраць працягнуць” без яго, і суддзя паправіла яго: не “працягнуць”, а “скончыць”. Атмасфера ў залі крыху разрадзілася, Атрошчанкаў выправіўся, і суддзя нават усміхнулася.
14:38. Таксама да справы далучаныя копіі пенсійных пасведчанняў бацькоў Маўчанава — Галіны і Юрыя, сведчанні іх непрацаздольнасці.
14:36. Адвакат зачытвае рэкамендацыю Атрошчанкава з інфармагенцтва DELFI. Там вядзецца пра тое, што Атрошчанкаў садзейнічаў карэспандэнту DELFI ў працы на полшчы Незалежнасці.
14:31. Адвакат просіць далучыць да матэрыялаў справы характарыстыку на Атрошчанкава з ЕГУ і Пасведчанне пра шлюб. У характарыстыцы сказана, што ён вучыўся на спецыяльнасці “Міжнароднае права”. Што ён добра вучыўся, неканфліктны, ветлівы, не мае спагнанняў. Сярэдні бал Атрошчанкава — 7,3.
14:00. Паседжанне адноўленае. Прысутныя праглядаюць відэа з камеры назірання, усталяванай ля будынку КДБ. Малчанава на гэтым відэа апазнаць не могуць. Пракурор пытаецца ў яго, ці не ён гэта на відэа. Сітуацыя дзіўная, бо ў матэрыялах справы ўжо ёсць прызнанне Малчанава ў тым, што гэта менавіта ён зняў дзяржаўныя сцягі з будынку КДБ.
13:05. У судзе абвешчаны перапынак да 14:00.
12.54 У справе ёсць яўка з павіннай Маўчанава, у якой ён прызнае, што сарваў сцягі з будынку КДБ і пад уплывам эфэкту натоўпу стукаў у дзверы Дома ўраду. Ён шкадуе пра здзейсненае.
12:38. Дзяржаўны абвінаваўца зачытвае, якія дакументы ёсць у справе, але не цытуе іх. Пратаколы вобшукаў і агляду прадметаў, іх канфіскацыі, праслухоўвання тэлефонных размоў, пастановаў следства, — піша “Радыё “Свабода”.
12.20. Разглядаюцца пратаколы агляду мясцовасці на плошчы Незалежнасці і цэнтральнага ўваходу ў Дом ураду. Яны ўтрымліваюць спіс знойдзеных пасля акцыі рэчаў: газавы балончыка, дымавыя шашкі, рыдлёўкі, бутэлькі з-пад вады "Банаква" з мяркуемай гаручай вадкасцю, каністры з бензінам, металічныя пруты. Знойдзены таксама заплечнік з сольлю і содай, бутэлькай з вадкасцю, дымавой шашкай. У матэрыялах шмат разоў адзначаецца, што знойдзеныя бутэлькі з "вадкасьцю, нібыта гаручай". Што за вадкасьць і ці сапраўды гаручая, не высветлена. На бакавой тумбе помніка Леніна знойдзена рэчыва бурага колеру, бутэлька з вадкасцю і фрагмэнтамі заціснутай тканіны, каністры з гаручай вадкасцю.
11:55 Суд скончыў прагляд відэаматэрыялаў з акцыі на плошчы Незалежнасці і прыступіў да разгляду пісьмовых матэрыялаў.
11:30. Апошнім дапытаным сведкам стаў Мікіта Кастыцкі, пажарны з Мінска. Ён сказаў, што ведае Змітра Новіка і пацвердзіў, што Новік карыстаўся сім-карткай, якая зарэгістраваная на яго імя. Кастыцкі кажа, што Новік папрасіў, каб калі праваахоўныя органы спытаюць яго пра тэлефон, той адказаў, што проста праходзіў паўз мітынг.
11:20. Наступная сведка — Таццяна Гаўрыльчык, відэаапэратар сайта "Нашай нівы". Яна здымала момант, калі з будынка КДБ былі знятыя сцягі. Дзяржаўны абвінаваўца запытаўся: "Што ён рабіў са сцягамі?" Тацяна адказала: "Убок адкінуў, дрэўка сцяга не паламаў". Яна сказала, што не можа апісаць чалавека, які усталёўваў бела-чырвона-белы сцяг на будынку. Як той быў апрануты, згадаць не змагла.Таксама яна не змагла прыгадаць, адна асоба зрывала дзяржаўны сцяг і ўсталёўвала нацыянальны, ці не. Яна паказала, што хлопец спрабаваў парэзаць афіцыйны сцяг, што ён таптаў сцяг — не памятае, — паведамляе “Радыё “Свабода”.
11:05. Дапытаны Віталь Ляўчук з Барысава, які кіраваў машынай, у якой Маўчанаў прыехаў у Мінск. Па яго сведчаннях, падазраваны сапраўды выпіў крыху піва, пакуль ехалі з Барысава. Але прыкметаў ап'янення ён не бачыў.
10:55 Праходзіць допыт наступнага сведкі Ўладзіміра Красава, кіроўцы амбасады Аб'яднаных арабскіх эміратаў. Сведка сказаў, што Новік (адзін з абвінавачаных) не распавядаў яму, што ён хацеў патрапіць у будынак Дома ўраду. Для чаго ён наносіў удары па загародцы — Новік не тлумачыў. Красаў ведаў, што на пл. Незалежнасці плануецца мірная акцыя, і, калі прыйшоў туды, ўбачыў, што там "абсалютна мірная акцыя, і ў лозунгах на плошчы не ўбачыў нічога нямірнага". Новік пракаментаваў, што гэты сведка і "здаў" яго супрацоўнікам КДБ, бо пасля плошчы яны выйшлі спачатку на яго. Адносіны паміж Новікам і сведкам былі сапсаваныя яшчэ да 19 снежня, — піша “Радыё “Свабода”.
10.38 Наступны сведка — Сяргей Маёраў, 1977-га года нараджэння, кіроўца пагрузчыка з Мінска. Сведка паведаміў суду, што 19 снежня працаваў на праспекце Незалежнасці. Рух па праспекце, калі ён ехаў, быў заблякаваны натоўпам. Ён вымушаны быў стаяць на рагу вуліцы Леніна і пр. Незалежнасці. Хлопец залез на пагрузчык і пачаў махаць сцягам — свведка не звярнуў увагі, якім. "Я запатрабаваў, каб ён злез. Але ён нічога не адказаў, там было шумна, крык. Маёраў: Пазней, калі рух быў разблакаваны, я з’ехаў".
10:35. Суд заўважыў супярэчнасць паміж яго папярэднімі паказаннямі і словамі, сказанымі ў судзе. Раней Уленскі паказаў, што Малчанаў распавядаў яму пра тое, што менавіта ён зняў сцягі з будынку КДБ і размахваў пазьней бел-чырвона-белым сцягам з трактара на праспекце Незалежнасці. Сведка пацьвердзіў свае паказанні, але дадаў, што ўспрымаў гэтую размову як выхваленне, — піша “Радыё “Свабода”.
10:30. Сведка Ўленскі: "Даслоўна не памятаю, што мне там Малчанаў распавёў. Пра сцягі на будынку КДБ не расказваў. Ён мне адназначна не расказваў пра тое, што ён здымаў сьцягі". Допыт вядзе прадстаўніца абвінавачваньня. Суддзя дадае рэдкія рэплікі: "Ці бачылі на відэа ў інтэрнэце з Малчанавым?" Уленскі адказвае: “Падобны на яго чалавек біў шкло, стукаў у дзверы. Ён пазьней мне ў размове пацвердзіў, што гэта быў ён. Матывацыяй ягоных дзеяньняў я не цікавіўся”.
10:05. Працэс працягнуўся допытам сведкаў. Сяргей Уленскі — беспрацоўны з Віцебска — ехаў з Малчанавым 19-га ў Мінск. Засведчыў, што па дарозе выпіў разам з Малчанавым двухлітровую бутэльку піва, паведамляе "Радыё "Свабода".
10:00. На ўваходзе ў залу суда ва ўсіх праверылі пасведчанні і перапісалі дадзеныя. У залу трапілі найперш дзяржаўныя журналісты, недзяржаўных да асвятлення хода паседжання дапусцілі выбарачна, піша “Наша Ніва”. Палову залі, каля 15 чалавек, займаюць невядомыя, якія не прадстаўляюцца. У залу патрапіла мала праваабаронцаў і журналістаў.
У судовым паседжанні па справе прэсавага сакратара Андрэя Саннікава
Аляксандра Атрошчанкава і яшчэ двух удзельнікаў Плошчы Змітра
Новіка і Аляксандра Малчанава з-за тэхнічных
праблемаў з апаратурай у судзе не змаглі прагледзець апошняе відэа. Працэс
перанеслі на сёння, на 10-ю раніцы.
Нягледзячы на абнародаваныя учора ў судзе Фрунзенскага раёна матэрыялы і
паказанні, дзяржабвінавачанне не адмаўляецца ад абранай лініі. Яна палягае ў
тым, што ўсе трое ўдзельнікаў "масавых беспарадкаў" дзейнічалі
"ўзгоднена паводле папярэдняй змовы ў складзе групы асоб". Пра тое,
што абвінавачанне працягне прытрымлівацца гэтай версіі, паведаміла ўчора БЕЛТА
дзяржаўны абвінаваўца Таццяна Моладцава.
Між тым, абвінавачаныя адмаўляюць не толькі факт "змовы", але і
асабістае знаёмства.