Андрэя і Крысціну Вітушкаў затрымалі ля Акрэсціна, калі яны прыйшлі па сына

10 жніўня ля Цэнтральнага РУУС затрыманыя вядомы доктар-рэаніматолаг Андрэй Вітушка і яго жонка Крысціна. Яны прыехалі па непаўнагадовага сына Мірона, якога незадоўга да гэтага на вачах у маці затрымаў АМАП, паведамляе ТГ-канал "TUT.BY новости".
— Крысціна ведала, што Мірон мусіць быць у Цэнтральным РАУСе. Я праехаць туды не змог. А Андрэй недалёка працуе. Як я разумею, ён змог адпрасіцца з працы і прыехаў туды, — распавёў tut.by брат Крысціны, Юрый Сідун. У апошні раз яны гутарылі каля 22:00 і сувязь з Крысцінай знікла.
Сведкі паведамілі Юрыю, што да РУУС, дзе сабралося шмат людзей, якія спрабавалі даведацца пра лёс блізкіх, пад'ехалі два аўтазакі. Людзей пагрузілі і павезлі на Акрэсціна.
Брат Крысціны заключыў дамову з адвакатам, але пакуль невядома, калі будзе суд. Самае галоўнае цяпер, кажа Юрый, перадаць Крысціне лекі — яна пакутуе на цукровы дыябет і патрабуе пастаяннае ўвядзенне інсуліна.
— Мы ў разгубленасці, якім чынам зараз ёй перадаць лекі. Наколькі нам сказалі ноччу, перадачы не прымаюць да суда. Але думаем паехаць туды, — кажа Сідун.
Мірона Вітушку адпусцілі з РУУС, ён цяпер знаходзіцца з бабуляй.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.