Ананіч: Закон аб дармаедстве не пагроза для журналістаў-фрылансераў
Калі пазаштатнік плаціць падаткі, праблем у яго не будзе, перакананая міністр інфармацыі.
Прыняцце закону аб дармаедстве не адаб’ецца на журналістах, якія не маюць сталага месца працы ў СМІ. Такое меркаванне выказала міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч у часе анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА. Але пры гэтым кіраўніца ведамства ўпэўненая, што прафесія журналіста прадугледжвае спрычыннасць да канкрэтнага выдання.
“Я не ўяўляю, што ўсё жыццё можна быць фрылансерам. Мне б не хапала карпаратыўнасці, спрычыннасці, самога асяродку, дачыненняў з калегамі, абмену досведам”, — сказала міністр інфармацыі.
Паводле Ананіч, закон аб дармаедстве не пагроза для фрылансераў, калі пазаштатнік плаціць падаткі. Апроч таго, рэдакцыі СМІ павінны самі паклапаціцца, каб права фрылансера быць журналістам абаранялася.