Ананіч: Вялікі наклад Charlie Hebdo ў кімсьці разбудзіць звера

“Калі забіваюць людзей — гэта недапушчальна. І неістотна, якімі матывамі кіраваліся тэрарысты. Недапушчальны тэрарызм. Але я заўсёды аналізую, што паслужыла прычынай”, — сказала міністр інфармацыі ў часе анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА.

Лілія Ананіч прыгадала сітуацыю з беларускай газетай “Згода”, якая ў 2006 годзе перадрукавала скандальную карыкатуру на прарока Мухамеда з дацкай Jyllands-Posten. У выніку газета была зачыненая ўладамі, а ў пачатку 2008 года яе выпускаючы рэдактар Аляксандр Здзвіжкоў быў асуджаны на тры гады калоніі за распальванне варожасці.

“У 2005-2006 гадах адно з беларускіх СМІ апублікавала карыкатуры на прарока Мухамеда, і была вельмі жорсткая адэкватная рэакцыя дзяржавы. Яна была непапулярнай у пэўныя асяродку. Адказны за такую публікацыю панёс пакаранне. Рашэнне суда — тры гады пазбаўлення волі, якія на практыцы выліліся ў тры месяцы. Гэта жорстка. Але, з іншага боку, дзяржава павінна спыняць у самым зародку праявы экстрэмізму”, — сказала Лілія Ананіч.

Міністр інфармацыі Беларусі мяркуе, што ў працы французскага сатырычнага часопісу Charlie Hebdo было “імкненне хадзіць па вастрыі нажа”. “Мы сумуем па загінулых, мы супраць тэрактаў. Але мы павінны думаць пра тое, як адгукнецца наша слова”, — сказала Ананіч.

“Сем мільёнаў асобнікаў штодзённіка ў памяць аб загінулых — з пункту гледжання накладу добора. Але гэтыя сем мільёнаў накладу ў кімсьці таксама разбудзяць звера. І гэта ўжо кепска”, — мяркуе міністр інфармацыі Беларусі.