Ананіч: Мінінфармацыі атрымала за год 300 зваротаў наконт інтэрнэту

Ананіч: Мінінфармацыі атрымала за год 300 зваротаў наконт інтэрнэту

Звароты грамадзян дапамагаюць чыноўнікам Міністэрства інфармацыі кантраляваць інфармацыйную прастору, асабліва ў інтэрнэце. Пра гэта паведаміла кіраўніца ведамства Лілія Ананіч падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА.

Па словах чыноўніцы, самы галоўны крытэр актуальнасці прынятых рашэнняў па рэгуляванні інтэрнэт-прасторы — гэта звароты грамадзян і арганізацый. Напрыклад, за 2015 год Мінінфармацыі атрымала больш за 300 такіх зваротаў наконт інтэрнэту.
"Вядома, далёка не заўсёды прыводзяцца прыклады, якія патрабавалі б прымянення мер адказнасці. Аднак часцяком звяртаюцца бацькі, якія, бачачы ў інтэрнэце тыя ці іншыя публікацыі, лічаць неабходным выказаць свой пункт гледжання наконт таго, што падобная інфармацыя шкодзіць выхаванню падрастаючага пакалення. Звяртаюцца прадпрыемствы, арганізацыі, калі паказваюць нават на факты нядобрасумленнай канкурэнцыі паміж кампаніямі і прыводзяць факты скажэння інфармацыі аб той ці іншай кампаніі. Звяртаюцца таксама органы дзяржкіравання, калі ідзе скажэнне факталагічнай інфармацыі. У гэтым кантэксце ў Міністэрства інфармацыі ёсць дакладны алгарытм дзеянняў, і лічу, што дзякуючы закону аб СМІ зроблены чарговы крок па нарошчванню прававой культуры ў гэтай сферы", — заявіла Лілія Ананіч.

Нагадаем, што за пачатак 2016 года два інфармацыйныя сайты ўжо атрымалі папярэджанне ад Мінінфармацыі — "Ежедневник" і "Наша ніва".