"Альбо паром, альбо дадому" — выбух на Крымскім мосце, рух перакрыты
Адзін з пралётаў моста абваліўся ў мора / @bazabazon
На Крымскім мосце адбыўся выбух. Вядома пра двух загінулых, гэта сямейная пара з Белгародскай вобласці. Іх 14-гадовая дачка ў бальніцы, пішуць расійскія тэлеграм-каналы. Акупацыйныя ўлады Крыма кажуць, што "адбылося надзвычайнае здарэнне ў раёне 145-ай апоры з боку Краснадарскага краю". Рух цягнікоў абяцаюць аднавіць да 9 гадзін раніцы. Аб аднаўленні аўтамабільнага руху нічога не паведамляецца. На апублікаваных фота бачна, што адзін з пралётаў моста разбураны, ён упаў у мора.
У Кіеве заявілі, што не каментуюць сітуацыю. "Можна толькі працытаваць словы кіраўніка ГУР Кірыла Буданава пра тое, што "Крымскі мост – канструкцыя там лішняя", — заявіў у інтэрв'ю "Суспильному" спікер Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Андрэй Юсаў.
Нагадаем, у 2014 годзе Расія анэксавала ўкраінскую паўвыспу. Гэта "далучэнне" не прызнана міжнароднай супольнасцю. 24 лютага 2022 года Расія пачала супраць Украіны поўнамаштабную вайну.