Ад стыпендыята Сораса — да сябра Пуціна: хто такі Віктар Орбан
Чаму Орбан — адзін з самых супярэчлівых палітыкаў Еўропы / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
"Не думаю, што адбудзецца нешта рэзкае [паміж Расіяй і Украінай. — Еўрарадыё]", — запэўніваў венгерскі прэм'ер Віктар Орбан у пачатку лютага грамадскасць. Гэтаму папярэднічала яго сустрэча з Пуціным.
Палітыкі тады не толькі пагаварылі за знакамітым доўгім сталом, але і выпілі па келіху шампанскага — гэта была самая цёплая сустрэча Пуціна з заходнім палітыкам у апошнія месяцы перад вайной.
А сёння Орбан — той адзіны лідар у ЕС, які блакуе ўвядзенне эмбарга на расійскую нафту. Больш за тое: непахвальна адгукаецца пра ўкраінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага і забараняе пастаўляць Украіне зброю праз сваю тэрыторыю. Расказваем больш падрабязна пра тое, як Орбан стаў адной з самых спрэчных фігур еўрапейскай палітыкі.
Браў у Сораса, цяпер — Сорасаў вораг
Эвалюцыя поглядаў у Орбана ашаламляльная: яшчэ ў школе ён быў сакратаром камуністычнай моладзевай арганізацыі, а пазней стаў заўзятым антыкамуністам. Сам палітык казаў, што адбылося гэта ў часе службы ў войску.
Ва ўніверсітэце Орбан вывучаў правазнаўства — і нават напісаў дысертацыю пра рух "Салідарнасць", было гэта яшчэ ў часе знаходжання ва ўладзе камуністаў. Потым атрымаў стыпендыю ад фонду фінансіста Джорджа Сораса на вучобу ў Оксфардзе — цікава, што праз колькі часу Сорас стаў для яго практычна ворагам нумар адзін.
Потым Орбан на восем гадоў пайшоў у апазіцыю, але працягваў актыўную дзейнасць і ўнутры краіны, і за яе межамі. Гэта прынесла плён: у 2010-м ён зноў змог сфармаваць урад — і ўзначальвае яго дагэтуль.
Расія — сябар ці вораг?
Як і пазіцыя па НДА, пазіцыя Орбана па Расіі таксама некалькі разоў змянялася. На заранку палітычнай кар'еры ён выступаў з антырасійскіх пазіцый — гэта і дапамагло яму прыцягнуць выбаршчыкаў, улічваючы крывавую ролю СССР у гісторыі Венгрыі другой паловы XX стагоддзя.
Напрыклад, у 1989-м Орбан публічна выступаў за вывад савецкіх войскаў з Венгрыі. У часы першага прэм'ерства палітык спрабаваў перашкодзіць расійскім дзяржкарпарацыям скупляць венгерскія кампаніі, а ў часе вайны ў Косаве не прапускаў праз тэрыторыю дапамогу для Сербіі.
Але потым, калі Орбан ужо быў у апазіцыі, яго стаўленне да Расіі і асабіста да Пуціна пачало патроху змяняцца. Асабліва пасля таго, як ён прайграў яшчэ на двух выбарах і стаў лідарам "патрыятычных сіл" Венгрыі. Паваротны момант наступіў у 2009 годзе, калі Орбан прыбыў на з'езд "Единой России".
Вярнуўшыся ва ўладу, Орбан нечакана і на афіцыйным узроўні пачаў адвакатаваць расійскі рэжым. Акрамя актыўнага эканамічнага супрацоўніцтва, у якім няма нічога такога, працягвалася і палітычнае. Так, афіцыйны Будапешт выступаў супраць антырасійскіх санкцый яшчэ ў 2014-м — пасля анексіі Крыма і пачатку вайны на Данбасе.
Тым самым займаецца ўрад Орбана і цяпер. Шмат хто думае, што гэта realpolitik: Будапешт клапоціцца пра свой дабрабыт і не хоча росту цэн на прадукты і энерганосьбіты (якія ён купляе ў Расіі параўнальна нядорага). Але бываюць і больш цікавыя версіі: напрыклад, "Инсайдер" пісаў, што ў Крамля можа быць кампрамат на Орбана пасля затрымання крымінальнага аўтарытэта Сямёна Магілевіча.
Змагар з ЛГБТ(?)
Орбан, які займае пазіцыю правага папулізму, змагаўся не толькі з глыбокай еўрапейскай інтэграцыяй і міграцыяй, але, напрыклад, з ЛГБТК+. Ягоны ўрад, нягледзячы на пратэсты Бруселя, праводзіць адкрыта гамафобную палітыку — напрыклад, у 2020-м адмовіліся ад юрыдычнага прызнання трансгендараў.
У 2021-м партыя Орбана ініцыявала заканадаўча замацаваць (!) цэнзуру "любога пазітыўнага ЛГБТ-кантэнту" — фактычна гэта быў бы аналаг расійскага закона пра "гей-прапаганду". Папраўкі ў заканадаўства былі прынятыя, нягледзячы на крытыку з боку міжнародных партнёраў і тое, што яны супярэчаць базавым актам ЕС.
У выніку ўлады спрабавалі "прыкрыцца" меркаваннем грамадства і вынесці чатыры пытанні (у маніпулятыўных фармулёўках) на рэферэндум, які праходзіў паралельна з парламенцкімі выбарамі ў красавіку 2022-га. Але неабходны парог у 50% зарэгістраваных выбаршчыкаў не пераадолела ні адно з пытанняў.
Іронія ў пазіцыі Орбана і яго партыі адносна ЛГБТК+ — у тым, што адзін з яго найбліжэйшых паплечнікаў, Ёжэф Заер, трапіў у цэнтр гей-скандалу. Гэта было ў канцы восені 2020-га, у разгар каранавірусных абмежаванняў. Заер, на той момант дэпутат Еўрапарламента ад Венгрыі, быў злоўлены бельгійскай паліцыяй пасля спробы схавацца з месца правядзення (увага!) гей-оргіі. Паліцэйскім, зразумела, не было справы да таго, хто і з кім займаецца сексам, але гэта было парушэннем каранціну.
Пасля скандалу Заеру давялося пакінуць Еўрапарламент, а партыя ад яго адраклася. Але пытанняў да "Фідэс" стала яшчэ больш: папулісцкая палітыка прыводзіць і не да такіх казусаў. Бо той самы Заер быў адным з актыўных лабістаў і абмежаванняў у правах на аборты, і гамафобных законаў.
Вайна ва Украіне як інструмент унутранай палітыкі
Ужо ў 2014-м Орбан паказваў, што фактычна не лічыць анексію Крыма і вайну чымсьці вартым санкцый. Пазней, асабліва ў апошнія тыдні перад пачаткам поўнамаштабнага ўварвання, палітык пераконваў усіх, што яго не будзе. Ну а потым заняў адразу некалькі крэслаў.
З аднаго боку, Орбан негатыўна выказаўся пра ўварванне, прапанаваў правесці перамовы ў Будапешце і падтрымаў папярэднія пакеты санкцый. З другога: адмаўляецца пагаджацца на эмбарга на расійскую нафту, забараніў транспартаваць зброю ва Украіну па тэрыторыі краіны і, больш за тое, назваў Зяленскага сваім праціўнікам.