Абвяшчэнне вынікаў літаратурнай прэміі Гедройца перанеслі на лета
Замест сакавіка, як было раней, цяпер лаўрэатаў прэміі абвесцяць у чэрвені.
Аргкамітэт літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца ўнёс некаторыя змены ва ўмовы яе правядзення.
	
	Эсэіст і філосаф Валянцін Акудовіч кажа, што тэрмін падачы кніг на прэмію застаецца ранейшым — да Новага года. Проста для журы падоўжылі час чытання.
	
	Рашэнне аргкамітэта можна толькі падтрымаць, піша nn.by. У апошнія гады дамінавала практыка, калі пісьменнікі да апошняга сядзелі "ў засадзе" і выдавалі новую кнігу бліжэй да дэдлайну. Паколькі журы мусіла прачытаць шмат кніг, міжволі запаміналася тое, што прачытана напрыканцы.
	
	Такім чынам, у чэрвені 2014 года чытачы даведаюцца імя трэцяга лаўрэата прэміі. Мінулымі пераможцамі станавіліся Павел Касцюкевіч і Уладзімір Някляеў.
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
