ААН пытаецца пра сітуацыю з затрыманымі праваабаронцамі і работнікамі СМІ
Спецдакладчыкі ААН даслалі беларускім уладам ліст наконт таго, што ў Беларусі крыміналізуецца дзейнасць праваабаронцаў і работнікаў СМІ.
Як паведамляе праваабарончы сайт "Вясна", яго падпісалі спецдакладчык па пытанні аб становішчы праваабаронцаў, працоўная група па адвольных затрыманнях, спецдакладчык па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, спецдакладчык па правах людзей з інваліднасцю, спецдакладчык па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду перакананняў і іх свабоднае выказвання, спецдакладчык па пытанні аб правах на свабоду мірных сходаў і свабоду ўдзелу ў аб'яднаннях, спецдакладчык па пытанні аб незалежнасці суддзяў і адвакатаў, спецдакладчык па пытанні аб катаваннях і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відах абыходжання і пакарання.
У прыватнасці, яны згадваюць справы юрыстаў Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргея Драздоўскага і Алега Граблеўскага, "Прэс-клуба", праваабаронцаў "Вясны" Марыі Рабковай, Леаніда Судаленкі і Марыі Тарасенка, а таксама справу медыяменеджара Андрэя Аляксандрава.
"У выпадку з Сяргеем Драздоўскім і Алегам Граблеўскім мы глыбока занепакоеныя меркаваным жорсткім абыходжаннем з імі падчас допыту пад ілжывай падставай супрацоўнікамі Дэпартамента фінансавых расследаванняў. Мы асцерагаемся, што іх крымінальны пераслед і меркаванае жорсткае абыходжанне можа быць рэакцыяй на іх супрацоўніцтва з Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый у галіне правоў чалавека. Мы таксама занепакоеныя адсутнасцю разумных умоў утрымання, прадастаўленых Сяргею Драздоўскаму, які карыстаецца інвалідным вазком, падчас яго сямігадзіннага допыту, а таксама паведамленнямі пра тое, што Алега Граблеўскага прымусілі зняць адзенне падчас допыту. Акрамя таго, мы занепакоеныя новымі абвінавачваннямі, выстаўленымі супраць Марыі Рабковай, якія, па ўсёй бачнасці, з'яўляюцца наступствам яе ўдзелу ў ініцыятывах грамадзянскай супольнасці і законнага ажыццяўлення яе права на свабоду меркаванняў і іх свабоднага выказвання", — гаворыцца ў звароце.
Непакой у спецдакладчыкаў выклікае вялікая колькасць выпадкаў, калі з людзей бяруць падпіску аб неразгалошванні інфармацыі. На іх думку, гэта абмяжоўвае свабоду выказвання меркаванняў і законную працу праваабаронцаў, журналістаў і работнікаў СМІ.
Спецдакладчыкі ААН просяць беларускі ўрад даць любую дадатковую інфармацыю або каментары па згаданых крымінальных справах. Яны хочуць азнаёміцца з юрыдычнымі і фактычнымі падставамі крымінальных спраў усіх згаданых вышэй праваабаронцаў і работнікаў медыясферы. Таксама прадстаўнікі ААН хочуць даведацца пра меры, якія беларускія ўлады прымаюць таго, каб усе людзі, у тым ліку з інваліднасцю, маглі ў поўнай меры ажыццяўляць і абараняць свае правы. Яны просяць патлумачыць, чаму затрыманыя Леанід Судаленка, Юлія Слуцкая, Сяргей Альшэўскі, Ала Шарко, Сяргей Якупаў, Пётр Слуцкі, Сяргей Драздоўскі і Алег Граблеўскі не мелі доступу да сваіх адвакатаў падчас допыту.
Акрамя таго спецдакладчыкі ААН просяць паказаць "меры, прынятыя для прадухілення запалохванняў або рэпрэсій".