5 найлепшых праектаў Дэвіда Лінча — неспасціжнага мастака, які скарыў увесь свет

Фотапартрэт Дэвіда Лінча / Pinterest
Памёр Дэвід Лінч — мастак з міравым імем і проста сумленны чалавек надзвычайна шырокіх талентаў. За свае 78 год свайго жыцця ён паспеў сцвердзіцца ва ўсім, чым бы ні занімаўся: маляванні карцін, фатаграфіі, здымках кліпаў, пісьменніцтве, трансцэндэнтнай медытацыі, напісанні музыкі.
Але для большасці людзей Лінч застаўся аўтарам неспасціжных і заварожвальных фільмаў, відэакліпаў і серыялаў, якія істотна паўплывалі на аўтарскі кінематограф і сучаснае тэлебачанне.
Еўрарадыё згадвае пяць найбольш уплывовых праектаў у расцягнутай на шэсць дзесяцігоддзяў вялікай фільмаграфіі мастака амерыканскага магнетычнага сюррэалізму.
“Галава-гумка” (Eraserhead), 1977
Шматпакутлівы поўнаметражны дэбют Лінча ў перыяд кінематаграфічнага станаўлення, які сваёй формай і зместам дагэтуль наводзіць страх на большасць гледачоў.
Гісторыя — калі яе ўвогуле можна так назваць — расказвае пра Генры (Джэк Нэнс), адзінокага чалавека, які ў пэўны момант разумее, што дзяўчына, якую ён кахае, нарадзіла нешта, што, магчыма, зусім не з’яўляецца дзіцем.
Гледзячы сёння "Галаву-гумку", уражвае, як праз складаныя вобразы аўтар перадае сваё бачанне дарослага жыцця — свету, дзе святло знікае, а застаюцца толькі страх, адзінота, роспач і недасягальныя мары.
Магчыма гэты журботны настрой стаў сведчаннем расцягнутых на пяць год складанасцяў з фінансаваннем, праз якія прайшлі Лінч і яго каманда, каб завяршыць свой некамерцыйны праект.
І ўсё ж “Галава-гумка” — гэта ўнікальнае кіно, якое дорыць трагічнае і жудаснае пагружэнне ў самыя цёмныя глыбіні чалавечай душы.
“Сіні аксаміт” (Blue Velvet), 1986
Гэта сапраўды вельмі асабісты твор для Лінча — суб’ектыўны, непахісны і часам абсурдны.
Фантазія 1986 года Дэвіда Лінча апавядае пра студэнта (Кайл МакЛаклен), які вяртаецца ў родны горад, дзе сутыкаецца з дзіўнымі падзеямі. Страх і пагарда, падвойныя вобразы і спасылкі на мінулыя рэжысёрскія працы “Галаву-гумку” і “Дзюну” вызначаюць стыль.
Гісторыя пра ўцягванне героя ў складаныя адносіны з дзвюма жанчынамі і псіхапатам (бліскучы акторскі перформанс Дэніса Хопера) захапляе, пранікаючы ў падсвядомасць гледача праз візуальныя архетыпы і сімвалы.
“Твін Пікс” (Twin Peaks), 1990-2017
Радыкальная рэвалюцыя ў тэлебачанні канца 80-х гадоў XX стагоддзя, якое прызвычаілася да серыялаў як да захапляльнага, але павярхоўнага і дурнога відовішча.
Серыял Дэвіда Лінча паставіў усіх на вушы. Ён паказаў, што нават звычайны дэтэктыў пра расследаванне забойства старшакласніцы Лоры Палмер (Шэрыл Лі) у богам забытым амерыканскім мястэчку Твін Пікс можна падаць як шматгранную галаваломку, дзе знойдзецца месца абсурду жыцця, чалавечым жарсцям, містыцы і свету духаў.
Для свайго часу “Твін Пікс” выглядаў як неверагодны тэлевізійны арт-аб’ект, такая Венера Мілоская ў атачэнні наштампаваных гліняных садовых гномаў.
А фінальны, радыкальны і часам пазбаўлены звязнага наратыву трэці сезон шоу, які выйшаў праз 25 год пасля другога, толькі пацвердзіў, што дацягнуцца да мастацкай велічы Лінча мала каму пад сілу.
“Малхоланд драйв” (Mulholland Drive), 2001
Складаная, месцамі загадкавая стужка, якая бянтэжыць гледача.
Пры гэтым “Малхоланд драйв” адна з самых эмацыйных у творчасці Дэвіда Лінча. Фільм расказвае пра адносіны Бэці (Наомі Уотс) і Рыты (Лора Хэрынг), якія сутыкаюцца з галівудскімі змовамі і гангстарамі, і пра рэжысёра Адама Кешэра (Джасцін Тэру), які губляе кантроль над сваім праектам.
Стужка балансуе паміж свядомым і падсвядомым, ствараючы вобразны і эмацыйны лабірынт, што выклікае вострае адчуванне трывогі і зачаравання Лос-Анджэлесам — месца дзе жыў і натхняўся рэжысёр.
“Унутраная імперыя” (Inland Empire), 2006
Апошні поўнаметражны кінапраект Дэвіда Лінча — змрочная містыка пра “праклятую” вытворчасць фільма.
Лора Дэрн у ролі акцёркі Нікі Грэйс высвятляе, што яе фільм — рэмейк страчанай польскай стужкі, звязанай з трагічным фальклорам. Сюжэт напаўняецца хаатычнымі пераходамі паміж рэальнасцю і выдумкай, а свет узрушвае містычнай атмасферай, дзіўнымі персанажамі і праніклівым жахам.
Упершыню здымаючы на лічбавую камеру, Лінч стварае незвычайны досвед для гледача.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.