ЗША прыпыняць на месяц увядзенне імпартных пошлін на тавары з Мексікі

Дональд Трамп / Reuters
ЗША прыпыняць на месяц увядзенне імпартных пошлін на тавары з Мексікі. Пра гэта па выніках тэлефоннай размовы з прэзідэнткай Мексікі Клаўдыяй Шэйнбаўм заявіў прэзідэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп. Яна пагадзілася накіраваць на паўночную мяжу краіны 10 тысяч вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі, каб спыніць паток наркотыкаў (у прыватнасці, фентанілу). Шэйнбаўм кажа, што ЗША прымуць меры па прадухіленні кантрабанды зброі ў Мексіку.
Як адзначае "Голас Амерыкі", прэзідэнты правялі тэлефонныя перамовы за некалькі гадзін да ўступлення ў сілу амерыканскіх тарыфаў у дачыненні да Мексікі, а таксама Кітая і Канады. Уводзячы іх, Трамп спаслаўся на неабходнасць барацьбы з нелегальнай міграцыяй і наркатрафікам. Пошліны на тавары з Мексікі і Канады павінны скласці 25% (за выключэннем канадскіх энергарэсурсаў — 10%), з КНР — 10%. Згаданыя краіны абяцалі прыняць меры ў адказ.
Трамп заявіў, што ЗША і Мексіка на працягу месяца правядуць далейшыя перамовы. Перамовы адбываюцца і з Канадай. Тым не менш, гандлёвыя санкцыі ў дачыненні да Канады і Кітая па-ранейшаму павінны ўступіць у сілу 4 лютага.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.