Жыхар Брэста нанёс жонцы 17 удараў нажом і ўцёк
Жыхар Брэста нанёс жонцы 17 удараў кухонным нажом і ўцёк. Здарэнне адбылося ўначы 13 красавіка. 32-гадовую жанчыну прывезлі ў бальніцу з раненнямі жывата, шыі, рук, сцягна і грудной клеткі. Высветлілася, што яе параніў муж падчас сваркі. Яму 31 год, ён нідзе не працуе. Жанчына знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе за дзіцём, інфармуе прэс-служба брэсцкай міліцыі.
Як паведаміў БЕЛТА начальнік аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Дучэнка, жанчына знаходзіцца ў рэанімацыі. Крымінальную справу распачалі па двух артыкулах — "замах на злачынства" (ч. 1 арт. 14 КК) і "забойства, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю" (п. 6 ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь). Праваахоўнікі высвятляюць усе абставіны здарэння, матывы ўчынку мужчыны. Зламысніка шукаюць, міліцыя распаўсюдзіла яго фота.