Журналіста Алега Супрунюка прыгаварылі да трох гадоў пазбаўлення волі

Журналіста Алега Супрунюка прыгаварылі да трох гадоў пазбаўлення волі

Журналіста Алега Супрунюка прыгаварылі да трох гадоў пазбаўлення волі

8 жніўня журналіст Алег Супрунюк быў асуджаны да 3 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі агульнага рэжыму, піша БАЖ. Яго прызналі вінаватым ва ўдзеле ў "экстрэмісцкім фармаванні". Да суда больш за паўгода яго ўтрымлівалі пад вартай у СІЗА.

Паводле сяброў Алега Супрунюка,  пасля 22 студзеня ён перастаў адказваць на тэлефанаванні і не з’яўляўся ў сацыяльных сетках.

Спачатку калегі прытрымліваліся версіі, што ён можа быць затрыманы і асуджаны па адміністрацыйнай справе. Тым больш, што такі выпадак напярэдадні ўжо быў. 12 снежня 2024 года сілавікі прыходзілі да Алега Супрунюка з ператрусам. Тады ў журналіста забралі камп’ютарную тэхніку і тэлефон, а яго самога павезлі на допыт. Пасля допыту быў складзены адміністрацыйны пратакол за нібыта распаўсюд "экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі" (паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП). Журналіста асудзілі на 15 сутак арышту, 27 снежня ён выйшаў на волю.

Калі пасля 22 студзеня Алег Супрунюк знік на больш працяглы час, стала зразумела, што гэтым разам ён затрыманы ў межах крымінальнай справы. Амаль пяць месяцаў пра лёс журналіста нічога не было вядома.

4 чэрвеня 2025 года пракуратура Брэсцкай вобласці распаўсюдзіла інфармацыю, што ў суд накіраваная крымінальная справа, распачатая супраць жыхара Брэста паводле часткі 3 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фармаванні). Ведамства не назвала імя і прозвішча абвінавачанага, толькі сцвярджала, што не пазней кастрычніка 2023 года мужчына ўвайшоў у склад "Беларускай асацыяцыі журналістаў", прызнанай "экстрэмісцкім фармаваннем" рашэннем КДБ ад 28 лютага 2023 года. Паводле пракуратуры, у якасці ўдзельніка "экстрэмісцкага фармавання" ён напісаў не менш за 43 артыкулы, апублікаваныя ў інтэрнэце.

Алег Супрунюк вядомы як рэпарцёр, які асвятляў для іх сацыяльна і грамадска значныя праблемы рэгіёна. За час у прафесіі працаваў у газеце "Брестский курьер", анлайн-выданні "Пёршы рэгіён", супрацоўнічаў з іншымі незалежнымі выданнямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.