Журналіст Ігар Карней у зняволенні схуднеў на 15 кілаграмаў

Ігар Карней на судзе

Ігар Карней на судзе / ctv.by

У Магілёўскім абласным судзе 18 лютага будуць разглядаць апеляцыюі палітвязня, былога журналіста Радыё Свабода Ігара Карнея.

Журналіста спярша асудзілі на тры гады. У снежні 2024 года Карнею дадалі яшчэ 10 месяцаў зняволення, абвінаваціўшы ў "непадпарадкаванні адміністрацыі папраўчай установы". Карней абскарджвае прысуд.

Спярша палітвязень быў у шклоўскай калоніі №17, а ад снежня ён перабывае ў магілёўскім СІЗА. Крыніца паведаміла Радыё Свабода, што Карнея на некалькі дзён прывозілі з магілёўскага СІЗА ў СІЗА КДБ у Мінску, а потым зноў вярнулі ў Магілёў.

Стала вядома, што ў шклоўскай калоніі журналіст схуднеў на 15 кг. "Пісаў, што ў СІЗА КДБ трапіў да лекара, і там паслухалі сэрца — пацвердзілі, што не вельмі роўны рытм, выпісалі валяр’янкі. Яшчэ напісаў, што пасля шклоўскай калоніі палягчэў на 15 кг, зараз трохі ад’ядаецца ў Магілёве", — расказала крыніца.

Таксама паведамляецца, што Карней не скардзіцца на ўмовы ў камеры, шмат чытае і размаўляе з сукамернікамі. Тэлефоннай сувязі з ім няма, але лісты ад яго даходзяць. Адзін з апошніх адрасаваны дочкам, якіх у Ігара чатыры.

Жонка Карней і яго дочкі Паліна, Ганна, Аляксандра і Ева пакінулі Беларусь.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.