Замест Мінфіна маладым сем’ям будзе дапамагаць прэзідэнт

Днямі карэспандэнт Еўрарадыё стаў сведкам перапалоху ля дзвярэй аддзела жыллёвай палітыкі ў адміністрацыі аднаго з раёнаў Мінска. Ініцыятарам хваляванняў стала маладая жанчына з дзіцём. І размова тычылася льготных крэдытаў маладым сем’ям на будаўніцтва жылля. Згодна з яе словамі, днямі быў прыняты нейкі закон, які адмяняў “дапамогу дзяржавы на пагашэнне крэдыта пры нараджэнні дзіцяці”. Маўляў, яна так разлічвала на гэтую магчымасць, а яе больш не будзе.


Адказаць, ці сапраўды з’явіўся нарматыўны акт такога кшталту, у аддзеле жыллёвай палітыкі Адміністрацыі Партызанскага раёна сталіцы карэспандэнту Еўрарадыё не здолелі. Як адзначае начальнік аддзела Людміла Шастакова, з імі ніколі не раяцца, што адмяняць і якія новыя законы прымаць.


Людміла Шастакова: “На сённяшні дзень я нічога пра гэта не ведаю. З намі гэтыя пытанні ніколі не ўзгадняюцца і папярэдне нас не інфармуюць пра тое, што нешта будзе адмяняцца ці нешта новае будзе прымацца. Увогуле, гэта ўжо не нашыя пытанні (пагашэння крэдыту — Еўрарадыё), бо калі там дзесьці нешта, то вырашаецца яно толькі праз банк”.


Еўрарадыё знайшло пастанову, якая так напалохала маладую маці. Яе прынялі Міністэрства фінансаў і Міністэрства адукацыі сёлета ў лютым. Сапраўды, гэтая пастанова адмяняе ранейшае Палажэнне аб дзяржаўнай дапамозе маладым сем’ям, што ўзялі крэдыт на будаўніцтва жылля і ў якіх нарадзілася дзіця. Раней дзяржава пры нараджэнні першага дзіцяці аплочвала 10% запазычанасці па жыллёвым крэдыце, пры нараджэнні другога — 20%.


Больш гэтая норма не дзейнічае. І каментаваць нейкім чынам гэты заканадаўчы акт, датычны фінансавай дапамогі маладым сем’ям, у “Беларусбанку” адмовіліся. Але, згодна са словамі кіраўніка прэс-службы Мінфіна Ірыны Комар, гэтая адмена — не больш як прывядзенне ў парадак заканадаўчых дакументаў. Маўляў, некалькі месяцаў таму быў падпісаны Указ прэзідэнта аб дапамозе маладым сем’ям пры будаўніцтве жылля.

Ірына Комар: “Страцілі моц пэўныя палажэнні Міністэрства фінансаў дзеля выканання Указа прэзідэнта Беларусі, у якім цалкам вызначаны парадак аказання дапамогі маладым сем’ям датычна будаўніцтва, набыцця жылля”.

Па яе словах, і ў адпаведнасці з прэзідэнцкім указам дапамога на дзіця маладым сем’ям будзе.

Ірына Комар: “Ну, вось напісана ў 5-м артыкуле, што пры нараджэнні ў маладой сям’і першага і другога дзіцяці пасля заключэння крэдытнай дамовы да ўвядзення жылога дома ў эксплуатацыю, а таксама пры нараджэнні ў маладой сям’і двайнятаў альбо пры ўсынаўленні-ўдачарэнні адначасова дваіх дзяцей пасля заключэння крэдытнай дамовы фінансавая дапамога застаецца. У памеры 10% ад сумы запазычанасці па выдадзеных ільготных крэдытах і 20% па выдадзеных крэдытах, паменшаныя на суму фінансавай дапамогі, разлічаную на першае дзіця”.

Як бачна, гаворка ідзе выключна пра дапамогу па выплаце крэдыта ў тым выпадку, калі дзіцё нарадзілася пасля заключэння крэдытнай дамовы з банкам. Як тлумачыць спецыяліст Мінфіна, такая фармулёўка ў законе даецца таму, што дзіця, народжанае да заключэння крэдытнай дамовы, і так “фінансуецца” дзяржавай. Ільготным крэдытам, які выдаецца і на яго ў тым ліку.

Ірына Комар: “Калі, да прыкладу, адзін чалавек, хай сабе я, будую жыллё, нават дамову заключыла. І калі да таго, як дом здадуць, а я выйшла замуж, то у мяне змяніўся склад сям’і і я магу дакрэдытавацца. Альбо калі нараджаецца дзіцё. А калі гэта адбываецца пасля таго, як дом здадзены, то там іншая сітуацыя — вам потым 10 ці 20% спішуць з сумы крэдыта”.

І заўважыла, што пашырацца маладой сям’і за кошт нараджэння дзяцей выгадней да пачатку будаўніцтва і заключэння дамовы на крэдыт. І кватэру большую можна будаваць, і па грошах выйграеце.