Не думаем, што гэта звязанае з тым, што днямі Уладзімір Пуцін сустрэўся з Кім Чэн Ынам і пераняў досвед. Хутчэй, досвед расіяне пераймаюць у беларускіх бондаравых (а могуць, зрэшты, і свой уласны адраджаць, якога багата).
Бары пойдзе з малатка
На аўкцыёне ў Парыжы ў наступным месяцы прададуць амаль поўны шкілет дыназаўра — яму 150 мільёнаў гадоў! Шкілет выявілі ў 1990-х гадах у ЗША і назвалі Бары — у гонар палеантолага Бары Джэймса, які яго знайшоў.
Эксперты кажуць, што шкілет "надзвычай добра захаваўся" і што яго могуць прадаць прыкладна за 1,2 млн долараў.
Наогул акамянеласці прадаюць рэдка. І далёка не ўсім навукоўцам такія аўкцыёны падабаюцца. У размове з BBC прафесар Стыў Брусатэ, эксперт па дыназаўрах з Эдынбургскага універсітэта, сказаў, што занепакоены такімі таргамі.
Шкілеты гэткага кшталту вельмі каштоўныя для навукі, а могуць "знікнуць у сховішчах прыватных калекцыянераў".
Пітона пазбавілі права лавіць хвалю
Аўстралійскія ўлады аштрафавалі сёрфера, які сядлаў хвалі разам са сваім хатнім пітонам, піша CNN. Гэтая навіна добрая і самадастатковая, але дадамо падрабязнасцяў.
Сёрфера Хігара і яго пітона Шыву часта бачылі на папулярных аўстралійскіх пляжах. Шыва абвіваў шыю гаспадара ці проста боўтаўся на ўскрайку дошкі. Усё паказвала на тое, што пітону падабаецца гэты спорт.
“Ён трохі паплавае, а пасля вяртаецца да дошкі. Проста плыве, чакаючы хвалі... ідэальнай хвалі", — казаў Хігар.
Адпачывальнікі заўважылі сёрфера, і мясцовыя журналісты таксама яго заўважылі. А потым на яго заявілі ў Дэпартамент навакольнага асяроддзя і навукі. Маўляў, сёрвер утрымлівае пітона ў неналежных умовах, і Шыве зусім не мусіць падабацца спорт.
Мужчыну аштрафавалі на паўтары тысячы долараў і патрабуюць, каб ён больш не выносіў Шыву на прагулкі. Цікава, што Дэпартамент навакольнага асяроддзя Аўстраліі сказаў бы пра фотазону з пітонам у парку Горкага?