За жарт у Twitter мінчанка асуджана на год "хатняй хіміі"
28 чэрвеня ў судзе Кастрычніцкага раёна Мінска вынесены прысуд 26-гадовай настаўніцы музыкі Ганне Важнік (суддзя — Алена Жывіца). Яна перарабіла дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь і змясціла тэкст у Twitter ("Мы экстрэмісты, мірныя людзі..."). У выніку стала фігуранткай крымінальнай справы за "здзек над дзяржаўнымі сімваламі". Прысуд — абмежаванне волі тэрмінам на адзін год без накіравання ў папраўчую ўстанову, паведамляе spring96.org.
У Беларусі дагэтуль не было крымінальных спраў за жарт у Twitter.
Настаўніцу затрымалі ў красавіку, але праз некалькі дзён выпусцілі пад асабістае паручальніцтва бацькоў. Важнік заявіла, што лічыць здзейсненае памылкай і што яна не мела намеру здзеквацца над дзяржаўным гімнам. Пераробкай мінчанка хацела паказаць на людзей, якія "прадпрымалі разбуральныя дзеянні супраць улады". Абвінавачаная падкрэсліла, што яна апалітычная.