За пастаўкі нафты Беларусь завінавацілася Расіі больш як 800 млн долараў
Сальда знешняга гандлю таварамі з Расіяй у снежні 2013 года склала мінус амаль 840 мільёнаў долараў.
Пра гэта паведамляе interfax.by са спасылкай на прэс-службу ўрада. Як адзначае прэс-служба, такая адмоўная велічыня сальда склалася з прычыны нераўнамернага размеркавання ў чацвёртым квартале 2013 года паставак нафты для перапрацоўкі на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы.
Летась пастаўкі нафты з Расіяй узгадняліся штоквартальна. Аднак пастаўкі на чацвёрты квартал былі ўзгодненыя толькі 3 снежня 2013 года. Такім чынам, у кастрычніку-лістападзе пастаўкі нафты ў Беларусь былі істотна зніжаныя, г.зн. у межах раней узгодненага гадавога аб'ёму 18,5 млн тон. А ў снежні адбыліся пастаўкі да 21,5 млн тон нафты. Гэта і прывяло да росту адмоўнага сальда знешняга гандлю таварамі, тлымачыць прэс-служба ўрада.
Раней паведамлялася, сальда гандлёвага балансу з Расіяй у кастрычніку і лістападзе склала каля мінус 300 млн долараў у кожным месяцы.
Фота — nnm.ru