За каментар "свіння" ў "Аднакласніках" жанчына атрымала два гады "хатняй хіміі"
22 лістапада ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска разглядалі справу Тацяны Козак. Жанчыну вінавацілі ў публічнай абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК), паведамляе праваабарончы сайт "Вясна".
Пад пастом пра інспектара ДАІ Светлагорскага РАУС Андрэя Баграёнка яна напісала каментар "свіння". У самім пасце гаварылася, як інспектар абражаў людзей.
Баграёнак у сваёй заяве напісаў, што сваім каментаром мінчанка "падарвала яго аўтарытэт, прычыніла маральную шкоду і моцныя маральныя пакуты". Шкоду ён ацаніў у 3000 рублёў. На суд пацярпелы не з'явіўся.
Суддзя Наталля Бугук прысудзіла жанчыне два гады "хатняй хіміі". Таксама Таццяна Козак павінная выплаціць пацярпеламу даішніку 2000 рублёў маральнай кампенсацыі.