За абразу Лукашэнкі судзілі пенсіянерку, паказанні на яе даў сужыцель

Суд Лідскага раёна / spring96.org
Да двух гадоў "хатняй хіміі" за абразу Аляксандра Лукашэнкі прысудзілі жыхарку пасёлка Бердаўка Лідскага раёна пенсіянерку Таццяну Чэкель. Пра прысуд стала вядома праваабаронцам. Справу разглядаў суддзя Аляксандр Мішураў.
Згодна з матэрыяламі следства, жанчына, "знаходзячыся па месцы жыхарства ў стане алкагольнага ап'янення наўмысна і публічна выказала фразу, якая змяшчае негатыўную ацэнку Аляксандра Лукашэнкі, выяўленую ў непрыстойнай абразлівай форме". Абразы чулі супрацоўнікі міліцыі — іх выклікаў сужыцель жанчыны. Ён таксама сведчыў супраць сяброўкі ў судзе.
Да суда пенсіянерку пакінулі пад падпіскай аб нявыездзе. Яе прызналі вінаватай і прызначылі пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.