З Расіі дэпартуюць беларуса, якога шукалі за каментары ў сацсетках
Андрэй Рускіх /m t.me/viasna96
З Расіі дэпартуюць яшчэ аднаго беларуса. 9 лістапада гарадскі суд у Санкт-Пецярбургу задаволіў запыт беларускага боку на экстрадыцыю жыхара Оршы Андрэя Рускіх. Ён быў у федэральным вышуку за каментары ў сацсетках "пра тое, што адбываецца ў краіне". Папярэдне мужчыне інкрымінуюць абразу Аляксандра Лукашэнкі, піша @viasna96.
Рускіх затрымалі ў Санкт-Пецярбургу ў траўні. Ён — псіхолаг-сексолаг, псіхатэрапеўт, аўтар некалькіх кніг па практычнай псіхалогіі. Таксама ён вёў сайт і старонкі ў сацсетках, дзе даваў парады па псіхалагічных праблемах.
Гэта не першы выпадак, калі ў Расіі затрымліваюць палітычных апанентаў улады РБ. Адзін з самых вядомых выпадкаў — кікбаксёр Аляксей Кудзін, якому пасля экстрадыцыі прысудзілі 2,5 года калоніі. Сёлета Расія выдала Яну Пінчук, экстрадавалі Юрыя Касцюка. Усе яны прызнаныя палітвязнямі.