З галоўнай ялінкі Віцебска прыбралі пяціканцовую чырвоную зорку
У Віцебску з галоўнай ялінкі горада на плошчы Перамогі знікла чырвоная пяціканцовая зорка, піша рэгіянальны сайт "Народныя навіны Віцебска". Замест яе з'явілася наверша ў выглядзе ажурнай васьміканцовай зоркі, якая нагадвае сняжынку ці ружу вятроў.
Прычына такой замены невядомая. Не выключана, што старая зорка проста прыйшла ў непрыдатны стан.
Чырвонымі зоркамі ялінкі ўпрыгожвалі ў СССР — верагодна, гэта сімвалізавалі рубінавыя зоркі Маскоўскага Крамля, пастаўленыя ў канцы 1937 года. Традыцыя ўпрыгожваць ялінкі такой зоркай захавалася ў Беларусі і дагэтуль.
У студзені 2010 года віцяблянін Сяргей Каваленка залез на 35-метровую ялінку і і ўзняў над савецкай чырвонай зоркай бел-чырвона-белы сцяг незалежнай Беларусі.
Ялінка ў Віцебску сёлета будзе без чырвонай зоркі / Сяргей Серабро, vitebsk.cc