Як здаць тэставанне на 100 балаў

Больш адпачываць, нічога не паўтараць і выспацца перад першым іспытам, раіць за дзень да пачатку тэставання псіхолаг Кацярына Васілеўская:

“Нельга грузіць галаву матэрыялам у апошні дзень — усё можа пераблытацца. Калі чалавек верыць у талісманы, то хай імі карыстаецца. Калі верыць чалавек, што іспыт можна здаць толькі у чырвоных майтках — хай апранае. Калі ёсць нейкі канкрэтны талісман, які яму дапамагаў раней, хай бярэ. Але моцна заганяцца на гэты конт не варта. Трэба добра выспацца, бо ад гэтага структуруюцца веды. Адпачываць трэба так, як чалавек прызвычаіўся. Калі на ровары пакатацца — то на ровары. Камусьці і ў кіно пайсці можа дапамагчы”.

На самім іспыце варта глыбока дыхаць і канцэнтравацца на сабе, працягвае Кацярына:

“Можна канцэнтравацца на сваіх адчуваннях, дыханні ці частках цела. Не думаць, што ты хвалюешся, а думаць пра тое, ці зручна ты сядзіш, як ногі стаяць ды інш”.

Не пераймаць хваляванні іншых у аўдыторыі падчас іспыта — такія парады дае рэпетытар па беларускай і англійскай мовах Анастасія.

“Не варта трапляць пад агульнае адчуванне гэтага хвалявання. Працуеш у спакойным тэмпе, бярэш заданні і робіш, спакойна. Бо там бываюць тыя, хто ламае асадкі ці нават страчвае прытомнасць”, — прыгадвае разам з Еўрарадыё свае іспыты рэпетытар.

Непасрэдна перад экзаменам рэпетытар раіць не вучыць, а больш адпачываць на свежым паветры ў першай палове дня. Інакш можа скласціся ўражанне, што нічога не памятаеш.

Выдатніца Таццяна Красоўская, якая летась здала рускую мову на 100 балаў, а цяпер вучыцца на прэстыжным факультэце Міжнародных адносін БДУ, рэкамендуе паўтарыць тое, чаго не памятаеш. Але не доўга і не шмат.

“Перад іспытам можна паслухаць любімую музыку, такі сабе бонус зрабіць. У самой аўдыторыі мне было спакойна, калі я здавала. Галоўнае — не нервавацца”.

У дзень тэставання яна таксама будзе здаваць іспыт, але ўжо на ўніверсітэцкай сесіі.

Сёлета на цэнтралізаванае тэставанне зарэгістравалася больш за 105 тысяч абітурыентаў. Летась ахвочых паступіць ва ўніверсітэт было на 12 тысяч больш. Першае тэставанне, па беларускай мове, пройдзе ўжо 14 чэрвеня.

Фота: www.21.by