Як вядомыя беларусы рыхтуюцца да выбараў?

Анатоль Ярмоленка і Саша Варламаў прагаласуюць датэрмінова, а Міхаіл Захараў іАляксандр Ціхановіч ужо зрабілі свой выбар, але ўкінуць бюлетэні 19 снежня.
Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці гатовыя зоркі да прэзідэнцкіх выбараў. Як высветлілася, большасць вядомых беларусаў ужо вызначыліся з кандыдатам, за якога прагаласуюць, прычым, у іх нават не ўзнікала пытання – яны адразу ведалі за каго галасаваць. 

Зусім іначай падышла да свайго выбару пісьменніца і вядучая Тамара Лісіцкая. Яна ўважліва прагледзела выступы кандыдатаў і цяпер разам са сваякамі адсочвае інфармацыю, звязаную з імі.

Тамара Лісіцкая: "У мяне ёсць два кандыдаты, якія мне падабаюцца. Я зараз адсочваю інфармацыю, звязаную з імі. Мне нялёгка выбраць! Але, у сваю чаргу, я буду падтрымліваць сваім голасам, галасамі сваіх сваякоў, з якімі мы таксама кансультуемся, таго чалавека, які, на наш погляд, абсалютна дакладна адлюстроўвае нашы інтарэсы".

Лідар N.R.M. і “Крамбамбулі” Лявон Вольскі таксама сачыў за тэлевыступамі кандыдатаў. І калі спачатку ён быў перакананы ў сваім выбары, то цяпер задумаўся. Маўляў, пасля выступаў на тэлебачанні, усе кандыдаты паказалі добрыя аратарскія здольнасці, эканамічныя веды і гэтак далей. Адно застаецца нязменным, галасаваць ён пойдзе непасрэдна 19-га снежня

Лявон Вольскі: "Ісці трэба ў дзень выбараў, у зручны час. Хто хоча ў школе выпіць, дазволіць сабе такую рэдкую мажлівасць, можа пад'яднацца да кампаніі нецвярозых падлеткаў і таксама ўжыць шкодныя для арганізму напоі. Але гэта я жартую. Карацей, трэба ісці галасаваць у дзень выбараў, каб не спакушаць людзей, якія можа і не хацелі займацца фальсіфікацыяй, але тут ім даецца такая магчымасць, што яны будуць проста няздольныя супрацьстаяць гэтаму жаданню".

Галасаваць непасрэдна ў дзень выбараў пойдзе і трэнер хакейнага клуба “Юнацтва”Міхаіл Захараў. Праўда, па іншай прычыне.

Міхаіл Захараў: "Мы ноччу прыедзем з суботы на нядзелю і пойдзем з сябрамі. Шчыра кажучы, я ведаю толькі аднаго, больш не ведаю. Нават не цікава, нават ніводнай перадачы з удзелам астатніх не глядзеў. Сэрца мусіць быць за Радзіму, за Беларусь, за прэзідэнта. Я бачу, як бурліва развіваецца краіна, таму, думаю, тут альтэрнатывы большай няма".

Зоркі беларускай поп-сцэны прызналіся, што выбар для іх быў простым. Праўда, пры гэтым яны здолелі назваць прозвішчы толькі некалькіх кандыдатаў. А галасаваць яны пойдуць датэрмінова: 19-га снежня некаторыя з’едуць за мяжу, а іншыя будуць моцна занятыя. 

А вось мадэльер Саша Варламаў распавёў, што спраў на дзень выбараў не мае, але, тым не менш, пойдзе датэрмінова.

Саша Варламаў: "Датэрмінова, бо няма жадання прывязвацца да гэтага дня. Тым больш, гэта ж выхадны, і можна яго правесці як-небудзь інакш".

Дарэчы, нікому з апытаных ВІП-аў, па іх словах, не прапаноўвалі ўдзельнічаць у агітацыйных кампаніях, і ніхто з іх не будзе выступаць у магчымых канцэртах 19-га снежня. Ва ўсялякім выпадку, пакуль нікога не запрашалі. 

Таксама цікава, што на пытанне "Ці пагадзіліся б вы стаць кандыдатам у прэзідэнты на наступных выбарах, калі вам прапануюць?", усе як адзін пераканана адказалі "Не!".

“Я лічу, што ёсць больш дасведчаныя ці больш разумныя, граматныя людзі, якія маглі б заняць гэтую пасаду, – адзначае лідар гурта "Палац" Алег Хаменка. – Прынамсі, я бачу, што такіх людзей даволі шмат у Беларусі, і мне здаецца, што я крыху не дацягваю да іх узроўню".

Лявон Вольскі не хацеў бы пакуль ісці ў прэзідэнты, бо яшчэ ёсць што сказаць у музычнай сферы. Ганна ШаркуноваАляксандр ЦіхановічАнатоль Ярмоленка ды іншыя лічыць, што пакуль яны не здольныя браць на сябе такую адказнасць і шчыра прызнаюцца, што наўрад ці ім хопіць досведу ва ўсіх сферах, якімі кіруе прэзідэнт. А восьІна Афанасьева ўвогуле лічыць палітыку далёка не жаночай справай.