Выпускнік Акадэміі МУС асуджаны за "парушэнне аховы дзяржаўных сакрэтаў"

Антон Табашнікаў

Антон Табашнікаў / НН

28-гадовага выпускніка Акадэміі МУС Антона Табашнікава асудзілі па артыкуле пра "парушэнне аховы дзяржаўных сакрэтаў". "Наша Ніва" звярнула ўвагу на тое, што яго імя з'явілася ў спісе "экстрэмістаў".

Дата суда і сутнасць справы невядомыя, але абвінавачанне гучыць так — "парушэнне патрабаванняў па ахове дзяржаўных сакрэтаў". Мяркуючы па статусе "адбывае пакаранне" і адсутнасці актыўнасці ў сацсетках, Табашнікаў атрымаў пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі.

Паводле інфармацыі НН, Антон Табашнікаў родам з Пінску. У 2014 годзе ён паступіў у Акадэмію МУС на спецыяльнасць "Правазнаўства". У 2022 годзе хлопец скончыў Інстытут бізнэсу БДУ па спецыяльнасці "Дзелавое адміністраванне".

У інтэрв'ю газеце "На страже" ён казаў, што паступаў у ВНУ мэтанакіравана, каб стаць ваенным юрыстам. Пры паступленні набраў больш за 300 балаў, вучыўся на дзявяткі, займаўся спортам, пісаў для міліцэйскіх газет і ўдзельнічаў у канферэнцыях.

Апошні раз Табашнікаў быў анлайн на сваёй старонцы "ВКонтакте" 31 ліпеня 2024 года. А ў тэлеграме ён не быў анлайн ужо "вельмі даўно".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.