Ва Украіне зноў з'явіліся "зялёныя чалавечкі" з Расіі, іх каля 400

Пазней пра гэта ж заявіла і Дзяржаўная памежная служба Украіны. Сцвярджаецца, што на тэрыторыі Данбаса заўважаныя расійскія вайскоўцы — у форме Узброеных сілаў Расійскай Федэрацыі, але без апазнавальных знакаў. У лютым-сакавіку менавіта такія "зялёныя чалавечкі" дзейнічалі ў Крыме: блакавалі ўкраінскія вайсковыя аб'екты, захоплівалі іх.

Як піша ўкраінскі вайсковы эксперт Дзмітрый Тымчук, украінскія спецслужбы мяркуюць, што расійскіх вайскоўцаў на Данбасе ўжо больш за 400 чалавек. Яны не маюць дакументаў. Кожнага з іх перад адпраўкай ва Украіну папярэдзілі: у выпадку патраплення ў палон і ідэнтыфікацыі расійскі бок заявіць, што ўсе яны яшчэ ў траўні-чэрвені звольненыя з шэрагаў Узброеных сілаў Расіі.

Паводле Тымчука, менавіта дзейнасць расійскіх вайскоўцаў-прафесіяналаў стала прычынаў няўдач украінскіх сілавікоў у апошнія дні. Тэрарысты цяпер сталі фактычна памочнікамі расіян. Прымусіць расійскае кіраўніцтва вярнуць на радзіму сваіх салдат могуць толькі поспехі ўкраінскай антытэрарыстычнай аперацыі, мяркуе эксперт.

Пазней стала вядома, што на Луганшчыне ўкраінцы злавілі аднаго "зялёнага чалавечка".

Фота — Reuters